Касцёл, за плотам якога Еўразвяз



18 красавiка — Сусветны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Упершыню ён быў адзначаны ў 1984 годзе. Але і зараз не страціў сваёй актуальнасці. Гэта свята культурнай спадчыны, архітэктурных помнікаў, прыродных запаведнікаў, фальклорных і навуковых здабыткаў.

Вашай увазе прапануем віртуальную экскурсію ў адзін з архітэктурных помнікаў Браслаўшчыны,  касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардынаў у Друі.

 Гэты помнік архітэктуры XVII – XVIII стагоддзяў знаходзіцца ў былым прадмесці Сапежын, на беразе ракі Дзвіна. Пабудаваны пры фінансавай падтрымцы роду Сапегаў у стылі барока, з рысамі віленскага барока.

Як адзначае цяперашні настаяцель касцёла Сяргей Сурыновіч, спачатку ён будаваўся як кляштар для айцоў-манахаў бернардынаў. Найбольшая колькасць іх, 20 манахаў, была ў XVIII стагоддзі. Але ў 1852 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, і ўсё прыйшло ў заняпад.  Толькі праз 70 гадоў кляштар быў аддадзены іншаму ордэну – айцам-марыянам. 

У той час у кляштары пачала працаваць школа, а з 1930 года гімназія, у якой навучаліся біскуп Чэслаў Сіповіч, ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, пісьменнік Язэп Германовіч ды іншыя.

У 1947 годзе савецкая ўлада зноў гвалтоўна зачыніла касцёл. Будынкі пачалі выкарыстоўвацца для патрэбаў Друйскай палітэхнічнай вучэльні меліярацыі. Толькі праз пяцьдзясят гадоў касцёл зноў вярнулі каталіцкім вернікам.

За час існавання касцёла ў Друі ў ім працавалі ксяндзы Андрэй Цікота, Віталь Хамёнак, Уладзіслаў Чарняўскі, Юры Кашыра (быў спалены немцамі разам з парафіянамі ў Росіцы) ды іншыя. Зараз там працуе ксёндз Сяргей Сурыновіч,вядомы беларусам яшчэ як біблеіст, паэт і мастак. Акрамя набажэнстваў  і рэлігійных мерапрыемстваў,  у Друі ён наладжвае і культурніцкае жыццё, арганізуе  мастацкія пленэры. У кляштар прыязджаюць вядомыя беларускія мастакі,  музыкі, пісьменнікі, каб  пажыць у келлях (але ўжо больш сучаснага тыпу)  і натхніцца.

 Сёлета ў ліпені ксёндз Сяргей Сурыновіч плануе правесці грандыёзны пленэр у мястэчку ў гонар Францішка Скарыны, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.  У ім прымуць удзел не толькі мастакі, але рэканструктары сярэднявечнай культуры, музыкі, біблеісты і гісторыкі.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара