Пляжныя валейбол і футбол будуць прадстаўлены на ІІ Еўрапейскіх гульнях



Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў у тэлепраграме „Арэна” на канале „Беларусь 1” назваў 16 відаў спорту, якія ўвойдуць у праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

Паводле слоў Максіма Рыжанкова, ужо дасягнута дамоўленасць па асобных відах спорту. „Будзе прадстаўлена гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка), тры віды барацьбы, дзюдо, самба, веславанне на байдарках і каноэ, настольны тэніс, хутчэй за ўсё будзе бадмінтон, стэндавая і кулявая стральба. З гульнявых відаў спорту – баскетбол 3х3, пляжны валейбол, пляжны футбол. Гэта тыя віды, па якіх дасягнуты кансэнсус”, – расказаў Максім Рыжанкоў.

Канчатковая праграма па відах спорту ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе зацверджана пазней, пасля таго як у траўні бягучага года адбудзецца пасяджэнне камісіі ЕАК па падрыхтоўцы да Еўрагульняў-2019.

belta.by