Разгляд справы Міколы Чарнавуса-малодшага перанесены



Судовы працэс над сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколам Чарнавусам (малодшым) працягнецца 27 красавіка у 14.30. 

Мікола звярнуўся да суддзі Вольгі Раманюк з хадайніцтвамі аб прадастаўленні часу для заключэння дамовы з адвакатам, а таксама для азнаямлення з матэрыяламі справы.  Копію пратакола ён атрымаў вечарам перад судом. Таксама Чарнавус заявіў, што хацеў бы бачыць усіх сведак-міліцыянтаў у судзе.

На здзіўленне прысутных суддзя задаволіла хадайніцтвы, кажа бацька Міколы, Мікола Чарнавус (старэйшы):

– Мы думалі, што на суткі засудзяць, бо спяшаюцца. Ён нават у суд узяў свае рэчы. Мы вельмі здзівіліся, што паседжанне перанеслі на 27 красавіка, бо на 26 пададзена заяўка на “Чарнобыльскі шлях”.

Міколу Чарнавуса судзяць за непадпарадкаванне міліцыі падчас ператрусу ў доме бацькі. Ён не пагадзіўся за свае грошы выклікаць майстра, каб адчыніць дзвярны замок у саёй палавіне дома для таго, каб міліцыя змагла і там зрабіць ператрус. Мікола прапанаваў узяць ключ у дзяцей у школе. Што і было зроблена. У час ператрусу менавіта з палавіны дома Міколы Чарнавуса-малодшага была забрана аргтэхніка.

Беларускае Радыё Рацыя