Астравецкая АЭС будуецца побач з могільнікам сібірскай язвы
Астравецкая пляцоўка не падыходзіць для будаўніцтва Беларускай АЭС у тым ліку таму, што тут ёсць пахаванні жывёл, памерлых ад сібірскай язвы, заявіў фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін на круглым стале „Астравецкая АЭС — новы Чарнобыль?” 18 красавіка ў Менску.
Паводле слоў навукоўца, „адно з пахаванняў аказалася ля самага краю будаўнічай пляцоўкі, дзе адбываюцца велізарныя выемкі і перасоўванне грунту, з-за чаго змяняюцца плыні грунтовых вод”. Фізік выказаў асцярогу, што споры сібірскай язвы могуць трапіць у грунтавыя воды, а пасля ў свідравіны, адкуль ваду бяруць для піцця.
Спаслаўшыся на медыцынскія даследаванні, Лепін адзначыў, што споры ўзбуджальніка сібірскай язвы захоўваюцца ў глебе стагоддзямі. А перыяд ад заражэння да смяротнага зыходу можа складаць некалькі гадзін або дзён. Вучоны падкрэсліў, што правядзенне санацыі сібіраязвавых пахаванняў або скарачэнне іх тэрыторый немагчымае.
У якасці прыкладу, які пацвярджае небяспеку пахаванняў сібірскай язвы, прафесар прывёў успышку сібірскай язвы ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе ў 2016 годзе, у выніку якой загінулі некалькі чалавек і тысячы аленяў. Успышка была справакаваная распаўсюджваннем інфекцыі з могільніку. Паводле слоў Лепіна, гэта пацвярджае здагадкі, што „інфекцыя можа патрапіць у арганізм чалавека з глебы, у якой споры сібірскай язвы могуць знаходзіцца на працягу доўгага часу”.
Ён распавёў, што найбліжэйшым часам збіраецца адправіць прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну ліст са сваімі асцярогамі па гэтым пытанні, бо менавіта расейскі генпадрадчык займаецца ўзвядзеннем Беларускай АЭС.
Начальнік Смаргонскай ветэрынарнай інспекцыі Яўген Чырыца, які курыруе і Астравецкі раён, паведаміў БелаПАН, што на тэрыторыі Астравецкага раёна ёсць два глебавыя ачагі сібірскай язвы. Пахаванні хворых жывёл праводзіліся ў пачатку мінулага стагоддзя, знаходзяцца не больш як за 10 км ад вёскі Гоза, што за 6 км на поўнач ад Астравецкай АЭС. Ён не змог адказаць на пытанне, на якой адлегласці знаходзяцца могільнікі ад будоўлі, аднак сказаў, што гэта „зусім побач”.
Чырыца зазначыў, што пахаванні жывёл, памерлых ад сібірскай язвы, ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Могільнікі абгароджаныя ровам і плотам, ёсць таксама шыльда з адпаведнай інфармацыяй.
Паводле слоў прадстаўніка ветэрынарнай інспекцыі, грунт на тэрыторыі могільніка не закрануты. З гэтай нагоды ў Смаргонскую ветэрынарную інспекцыю зваротаў не было.
Спецыяліст таксама падкрэсліў, што знаходжанне могільніка на тэрыторыі каля будоўлі станцыі было ўлічана пры яе праектаванні. „Гэтыя ачагі будаўніцтвам не закранутыя”, — сцвярджае Яўген Чырыца.
Варта зазначыць, што раней прафесар Лепін ужо звяртаўся да грамадскасці з асцярогамі з нагоды сейсмічнай ненадзейнасці тэрыторыі, на якой будуецца АЭС. Ён звяртаў увагу, што тут у 1908 годзе адбыўся землятрус, ацэнены на 6-7 балаў па шкале Рыхтэра. У гісторыю ён увайшоў як Гудагайскі землятрус. Вучоны лічыць, што, нягледзячы на панесеныя выдаткі, будаўніцтва атамнай станцыі павінна быць спыненае.
Фота tut.by