Заяўнікі „Чарнобыльскага шляху” патрабуюць змяніць час акцыі



Заяўнікі традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” 19 красавіка перадалі ў Менгарвыканкам патрабаванне змяніць час правядзення акцыі 26 красавіка з 14.00 (прапанаваны менскімі ўладамі) на 18.00, як першапачаткова планавалі арганізатары.

Прадстаўнікі аргкамітэта мелі намер асабіста сустрэцца з кіраўніцтвам Менгарвыканкама. „Мы паўгадзіны спрабавалі датэлефанавацца, але нікога на месцы не было, — паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. — У выніку да нас выйшла начальніца аддзела дакументаабароту Іна Кавалеўская і прыняла заяву. Мы папярэдзілі яе, што калі да пятніцы не будзе адказу, гэта будзе азначаць, што Менгарвыканкам сарваў „Чарнобыльскі шлях”.

Калі Менгарвыканкам адмовіцца змяніць час акцыі, аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” мае намер заклікаць людзей прыйсці на санкцыянаваны ўладамі мітынг з нагоды гадавіны аварыі на ЧАЭС, які арганізуе 26 красавіка ў Кіеўскім скверы Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Час яго правядзення — ад 18-й да 20-й гадзіны.

Акрамя таго, аргкамітэт мае намер падаць у суд на Менгарвыканкам, бо ён, лічыць Севярынец, парушыў беларускае заканадаўства. „Згодна з законам аб масавых мерапрыемствах улады могуць мяняць месца і час правядзення акцыі толькі паводле ўзгаднення з заяўнікамі”, — сказаў ён.

Заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі ля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы ў раёне плошчы Бангалор. Аднак Менгарвыканкам змяніў фармат, дазволіўшы збор удзельнікаў на пляцоўцы ля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор. Пры гэтым быў зменены час пачатку мерапрыемства з заяўленых 18.00 на 14.00.

Сённяшняе патрабаванне ў Менгарвыканкам падпісалі ўсе пяць заяўнікаў „Чарнобыльскага шляху”: намеснікі старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, руху „За Свабоду” Юрась Меляшкевіч, а таксама прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі „Гавары праўду” Віталь Лакотка.

У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і яе маладзёжнай структуры „Моладзь БНФ”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі „Зялёныя”, аргкамітэта БХД, кампаніі „Гавары праўду”, а таксама рухаў „За Свабоду” і „Разам”.

Фота: Беларуская Праўда