Нацбанк: Пагашэнне газавага доўгу не прывядзе да зніжэння ЗВР
Пагашэнне Беларуссю доўгу за пастаўкі расейскага газу ў памеры 726,2 млн даляраў ЗША не прывядзе да зніжэння золатавалютных рэзерваў краіны, заявіў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны, які 19 красавіка ўдзельнічае ў канферэнцыі „Лічбавы банкінг” у Менску.
„Усе даўгі, якія былі, мы пагасілі. Рэзервы не знізяцца, таму што Нацыянальны банк сёння працуе над тым, каб выкарыстоўваць іншыя інструменты прыцягнення рэсурсаў, — аблігацыі выпускаем; Міністэрства фінансаў таксама працуе на рынках. Таму рэзервы не знізяцца, усё будзе нармальна”, — сказаў Надольны.
Паводле яго слоў, грошы былі накіраваныя часткова з ЗВР, часткова — з наяўнай ліквіднасці, якая не адносіцца да рэзервовых актываў. „Таму той недахоп, які пайшоў з рэзерваў, мы кампенсуем”, — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.
Беларусь пагасіла доўг за газ 13 красавіка ў адпаведнасці з дамоўленасцямі лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, дасягнутымі на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. У дзень пагашэння доўгу намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка падпісаў у Маскве пакет пагадненняў, якія рэгулююць адносіны дзвюх краін у нафтагазавай сферы. Акрамя таго, Менску былі абяцаныя новы расійскі крэдыт да 1 млрд даляраў і чарговы транш крэдыту з фонду ЕўрАзЭС у 600 млн даляраў.
На 1 красавіка міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі паводле метадалогіі МВФ складалі 5 млрд 16,1 млн даляраў.