Гомельскія рэстаратары не супраць беларусізацыі меню
Гомельская філія „Таварыства беларускай мовы” ініцыявала маніторынг выкарыстання роднай мовы сярод бізнесоўцаў. Актывісты накіравалі каля 120 лістоў з пытаннямі наконт прысутнасці беларускай мове ў бізнесе. Як ставяцца гомельскія дзелавыя людзі да беларускай мовы? З кіраўнічкай Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ Алесяй Аўласевіч сустрэўся Мікола Бянько.
Карэспандэнт: Наколькі беларуская мова актыўна выкарыстоўваецца прадстаўнікамі бізнесовай супольнасці?
– Шчыра кажучы, у Гомелі няшмат прадстаўнікоў малога ці сярэдняга бізнесу, хто ўжывае беларускую мову. Мы ім дзякавалі і віншавалі з Днём роднай мовы. Але каб атрымаць рэальную карціну, вырашылі зрабіць маніторынг прысутнасці беларускай мовы ва ўстановах Гомеля. Прычым гэта не толькі бізнес-структуры, але і таксама дзяржаўныя прадпрыемствы. Мы хацелі даведацца, наколькі яны разумеюць важнасць беларускай мовы, ці бачаць у выкарыстанні беларускай мовы патэнцыял. І што трэба, каб, напрыклад, у іх з’явілася меню па-беларуску?
Кар.: Маніторынг выкарыстання беларускай мовы сярод бізнесоўцаў – гэта вашая ўласная ініцыятыва? Ці гэта рэспубліканскае мерапрыемства?
– ТБМ пастаянна маніторыць сітуацыю з беларускай мовай. Але мы вырашылі правесці гэты маніторынг сярод бізнесоўцаў менавіта ў Гомелі. Магчыма, філіялы ў іншых гарадах таксама падхопяць гэтую ініцыятыву.
Кар.: Якія вы задавалі пытанні ў межах маніторынгу праўстаўнікам бізнесу і дзяржаўных прадпрыемстваў?
– Пытанні былі прыкладна аднолькавыя: на якім узроўні ўжываюць беларускую мову, ці маюць падрыхтаваных супрацоўнікаў, якія б маглі абслугоўваць беларускамоўных, і ці хацелі б пашыраць ужыванне беларускай мовы? І калі яны гэтага хочуць, то чыя дапамога ім патрэбная?
Кар.: Хто адказаў на звароты? Ці ёсць першыя адказы?
– Ужо пачалі прыходзіць першыя адказы. З пазітыўнага: кавярні і рэстарацыі хочуць, каб пераклалі меню на беларускую мову. Гавораць, што ёсць 20 асобнікаў рускамоўных, пяць – ангельскамоўных і маглі б зрабіць два беларускамоўныя асобнікі меню. Нават калі гэта няшмат, але да іх прыйдуць беларускамоўныя, замовяць гарбаты з цытрынай і ім не прынясць кавы, як гэта часта здараецца. Напрыклад, банкі пішуць, што яны без праблем гатовыя абслугоўваць на беларускай мове. Таму калі вы пішаце нейкую заяву, то можаце патрабаваць бланкі на беларускай мове, бо яны ёсць.
Кар.: А негатыўныя прыклады ёсць? – Некаторыя пішуць, што яны не выкарыстоўвалі, не выкарыстоўваюць беларускую мову і пашыраць яе не збіраюцца.
Па завяршэнні маніторынга сябры Гомельскага аддзялення ТБМ праінфармуюць гараджанаў пра сітуацыю з роднай мовай у малым і сярэднім бізнесе.
Сябры гомельскага аддзялення „Таварыства беларускай мовы” імкнуцца ўсяляк падтрымліваць першыя крокі бізнесоўцаў па беларусізацыі бізнесу. Напрыклад, падчас Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага, сябры ТБМ разаслалі лісты з падзякай тым прадпрымальнікам і ўласнікам кампаній, якія не цураюцца беларускай мовы.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель