Абласны суд адхіліў скаргі аршанскіх абаронцаў жывёл



19-га красавіка ў Віцебскім абласным судзе прайшлі першыя разгляды скаргаў заалагічных актывістаў. Месяц таму яны былі аштрафаваныя за незаконнае пранікненне на ахоўваемую тэрыторыю Аршанскай спецаўтабазы, агульны памер штрафаў шасцярым актывістам склаў 1724 еўра. Тым часам на спецаўтабазе жывёлы ўтрымліваліся ў жахлівых умовах і без ежы, а работнік прадпрыемства нападаў на актывістаў і спрабаваў вырваць мікрафон. Але міліцыя адмовілася заводзіць справу на спецаўтабазу і яе супрацоўнікаў. Заслухаўшы ўсе тлумачэнні валанцёраў Алены Мірашнічэнкі і Арцёма Ісачэнкі, Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда Оршы і Аршанскага раёна.

Актывістка Алена Мірашнічэнка адначыла, што суддзі на абодвух пасяджэннях нават не выходзілі з залы для абдумвання рашэнняў.

– Cуд прайшоў стабільна, без зменаў, хутка, усё адразу. Вельмі здзівіла тое, што суддзям не спатрэбілася нават 10 секунд, каб прыняць рашэнне. Было ўсё прынята імгненна, хаця і гучалі довады аб тым, што мы прызнавалі сваю віну, не прыцягваліся ніколі да адказнасці, але гэта ніяк не паўплывала на рашэнне суддзі. Мы ўжо пракансультаваліся з адвакатам Анастасіяй Жаўрыд. Бліжэйшым часам яна будзе рыхтаваць тэкст абскаржвання.

26 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудуцца слуханні па скаргах астатніх валанцёраў, у тым ліку і Юліі Малышавай, якая была прыцягнута да адказнасці па трох артыкулах адміністрацыйнага кодэкса, а менавіта за „Незаконнае пранікненне на ахоўваемую тэрыторыю”, „Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”, а таксама „Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” і атрымала штраф, які ў суме складае 46 базавых велічынь.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск