Гомельскія праваабаронцы арганізавалі сустрэчу са сваякамі асуджаных на смерць



У межах „Тыдня супраць смяротнага пакарання” гомельскія праваабаронцы арганізавалі сустрэчу са сваякамі асуджаных на смерць.

налепка1

На сустрэчы прысутнічала вядомая праваабаронца з Узбекістана Тамара Чыкунова, якая распачала сваю дзейнасць пасля смяротнага выраку сыну:

– Яго асудзілі да смяротнага пакарання па несправядлівым прысудзе. Але самае страшнае, што выкарысталі мяне для таго, каб ён падпісаў супраць сябе абвінавачанне ў забойстве, якога не здзяйсняў. Пасля арышту сына арыштавалі і мяне. З мяне здзекваліся, мяне дапытвалі па 12 гадзінаў, мяняліся следчыя, бо стамляліся. Ад мяне патрабавалася адно – даць паказанні супраць майго сына. Мяне ўдарылі, я закрычала, у той момант я не ведала, што мой сын чуе гэта.

Гамяльчанка Вольга Грунова, маці асуджанага за жорсткае забойства студэнткі Аляксандра Грунова, спадзяецца, што атрымаецца выратаваць жыццё яе сына:

– Бацьку яго забілі, калі яму 10 гадоў было, можа, каб ён не застаўся безбацькавічам, можа і жыццё ў яго было бы іншае. А што гаварыць… тут вось вышэйшыя ўлады вырашаюць усё, як у песні пяецца «Всё могут короли»….

Амаль кожны год у Беларусі агучваюць смяротныя прысуды, якія пазней прыводзяцца ў выкананне. Цела расстраляных сваякам – не выдаюць, і пра месца пахавання – не паведамляюць. Невядомай застаецца і дакладная дата прывядзення смяротнага прысуда ў выкананне.

Беларускае Радыё Рацыя