У Кіеве асцерагаюцца манеўраў „Захад-2017”



„Крэмль працягвае падрыхтоўку да поўнамаштабнай вайны”, прычым асаблівую небяспеку ўяўляюць беларуска-расейскія манеўры „Захад-2017”.

Пра гэта заявіў сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў 20 красавіка падчас прэзентацыі праграмы „Стратэгічнае лідарства: сектар бяспекі і абароны Украіны”.

Як паведамляе партал „Украінскі новини”, Турчынаў заявіў, што ўздоўж мяжы з Украінай разгорнутая групоўка расейскіх войскаў у колькасці 50 тысяч чалавек. Акрамя таго, на акупаваных тэрыторыях Данбаса знаходзяцца „два вайсковыя корпусы ў колькасці 30 тысяч баевікоў”. Пры гэтым Расея пачала мерапрыемствы па павелічэнні штатнай колькасці карпусоў баевікоў да 50 тысяч чалавек, а таксама закупіла 30 тысяч універсальных чыгуначных платформаў для перакідвання войскаў і ўзбраення, паведаміў кіраўнік савета бяспекі Украіны.

Асаблівую небяспеку, падкрэсліў ён, уяўляюць манещры расейскіх войскаў, якія адбудуцца ў верасні гэтага года на тэрыторыі Беларусі і Калінінградскай вобласці РФ. Згодна з аператыўнымі звесткамі, расейскі ваенны кантынгент плануе застацца пасля манеўраў на тэрыторыі Беларусі, заявіў Турчынаў.

Паводле яго слоў, толькі ваенная сіла і спарыянне міжнародных партнёраў можа дапамагчы Украіне спыніць Расею. „Жорсткую сілу можа спыніць толькі сіла”, — сказаў ён. У сувязі з гэтым Украіна абавязаная стаць самадастатковай, моцнай дзяржавай, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны.

Беларуска-расейскія манеўры „Захад-2017” пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Вучэнні пройдуць у два этапы. Акрамя адпрацоўкі пытанняў прымянення груповак войскаў будуць практычна выконвацца задачы тэрытарыяльнай абароны, узмацнення аховы дзяржаўнай мяжы, аднаўлення баяздольнасці войскаў і ўсебаковага забеспячэння.

Занепакоенасць вучэннямі „Захад-2017” выказвалі таксама заходнія палітыкі. Так, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ 9 лютага заявіла, што вучэнні дэманструюць падрыхтоўку Расеі і Беларусі да вайны з Захадам. Паводле яе слоў, пагрозы з Усходу вымушаюць краіны Балтыі прасіць партнёраў аб дадатковых гарантыях бяспекі. Грыбаўскайтэ таксама спадзяецца на „вельмі шчыльны кантакт” з новай адміністрацыяй у гэтым пытанні.

У сваю чаргу прадстаўнікі беларускай апазіцыі не выключаюць, што пад прыкрыццём ваенных вучэнняў Расея акупуе Беларусь.

Гэтыя асцярогі неаднаразова каментаваў Аляксандр Лукашэнка.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці ён, у прыватнасці, заявіў: „Калі хто-небудзь думае, што ўжо некалькі тысяч вагонаў загрузілі і нас акупуюць, Расея ўводзіць сюды свае войскі, — не будзьце вы наіўнымі. Што, Расея наогул ужо з глузду з’ехала і не ўмее ваяваць? Як жа можна ваяваць на чыгуначных платформах? Тое, што будуць войскі сюды ўведзеныя, то роўненька яны адсюль і пойдуць. Сёння нават не агаворваецца такой сітуацыі”. Паводле слоў Лукашэнкі, гэта ён прапанаваў Уладзіміру Пуціну праводзіць сумесныя ваенныя вучэнні раз на два гады па чарзе ў Расеі і Беларусі. „Надышоў наш час, і мы прымем гэтыя вучэнні. Гэта будуць адкрытыя вучэнні, мы запросім усіх”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

6 красавіка ў інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі „Мір” Лукашэнка сказаў, што атрымаў ліст ад групы амерыканскіх кангрэсменаў, у якім выказаная занепакоенасць вучэннямі. „Гэтыя спадары закранаюць і пытанне вучэнняў: для іх гэта нейкая небяспека. А для нас не небяспека, што сёння NATO актывізавалася ля нашых межах? Гэтая групоўка жывая, яна гатовая дзейнічаць для абароны нашых інтарэсаў. Мы пры гэтым ні на каго не збіраемся нападаць, нам гэта не трэба. Ды і не здольныя мы сёння ваяваць супраць усяго свету. і Пуцін, і я гэта выдатна разумеем. Але свайго не аддадзім. Таму яны павінны нас разумець”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by