Дзяніс Івашын: Далей змагаюся за свае правы
У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі рэдактара беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніса Івашына. Суддзя Хаткевіч адхіліў касацыю журналіста і прыняў да ведама сведчанні міліцыянтаў. Івашын лічыць, што трэба змагацца далей за свае правы:
– Алгарытм дзеянняў просты, зараз буду пісаць скаргу на імя старшыні Менскага гарадскога суда, зразумела, што ілюзій няма, бо ўсё застанецца па-ранейшаму. Потым ужо пойдуць вышэйшыя інстанцыі – гэта Вярхоўны суд Беларусі, а потым Камітэт правоў чалавека ААН. Паралельна з гэтым я таксама збіраюся пісаць заяву ў пракуратуру Фрунзенскага раёна на дзеянні праваахоўных органаў.
Журналіст быў затрыманны ў Менску 25 сакавіка падчас выканання прафесійных абавязкаў і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас працэсу над Івашыным два разы перараблялі пратакол і журналіст лічыць гэты факт „службовым падлогам дакументаў”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня