Збіваюць і труцяць псіхатропамі. Катаванні патрыётаў
Да зняволеных па справе патрыётаў прымяняюцца катаванні.
Пра гэта заявіў заснавальнік “Белага легіёна” Сяргей Чыслаў (Бульба). Падчас прэс-канферэнцыі ў Варшаве былы кіраўнік арганізацыі заявіў, што вязняў, хутчэй за ўсё, труцяць псіхатропамі. У прыватнасці, прыкметы гэтага можна заўважыць у прапагандысцкім фільме “Белы легіён чорных душ”, дзе зняволеныя нагаворваюць на сябе:
Сяргей Чыслаў: Мы ж насамрэч не ведаем, хто стаіць за ўсімі гэтымі справамі, хто сапраўды кладзе зараз Лукашэнку гэты даклад на стол, абсалютна неадэкватная рэакцыя. Ён насамрэч дастаткова палахлівы, калі чалавек у тры гадзіны ночы бегае сам правярае, як там яго ахова, ці ўсё бдзяць, ці хтосьці не спіць. Там хапае сваіх унутраных страхаў. Калі яму зараз пастаянна падпіхваюць інфармацыю, што “Белы легіён” гэта, “Белы легіён” гэта. Насамрэч гэта з пальца высмактана, няма падстаў для гэтай інфармацыі. Яны, напрыклад, яшчэ тыдзень таму, мне хлопцы з Беларусі гаварылі пра тое, што КДБ возіць вось гэты фільм, які яны па БТ паказвалі, возяць па частках унутраных войск, збіраюць асабовы склад, усім паказваюць гэта кіно, акцэнтуюць увагу: “Вы ж глядзіце, яны ж рыхтуюцца, яны ж гатовыя, яны ж…”. А ніхто нічога не рыхтуе. Неадэкватнасць сітуацыі яна падводзіць да думкі таго, што тут магчыма вельмі вялікі менавіта расейскі след. Фактычна можна гаварыць пра тое, што ў Беларусі сфармавалася нейкая трэцяя сіла, трэцяя ўлада, якая як раз у эшалоне, які фармуе паводзіны прэзідэнта. Хто гэта, я не магу сказаць, гэта магчыма пачынаючы ад яго старэйшага сына і заканчваючы проста расейскімі агентамі ўплыву ў беларускіх сілавых структурах.
РР: Падчас прэс-канферэнцыі вы казалі, што да затрыманых у КДБ прымяняюцца катаванні, у тым ліку псіхатропныя сродкі. Вы таксама сказалі, што гэта магчыма можна пабачыць на фільме, дзе затрыманыя самі на сябе нешта нагаворваюць.
Сяргей Чыслаў: Я так і сказаў, так, я падкрэсліваю.
РР: Ці вядома, што гэта могуць быць за сродкі, як яны прымяняюцца і якія могуць быць вынікі для здароўя людзей?
Сяргей Чыслаў: Мы маем толькі вось такое сведчанне, што хутчэй за ўсё гэта нешта падсыпаецца ў пітво. Я не ведаю, што гэта за сродкі, чаго дасягнула “пенітэнцыярная фармакалогія”, калі яе так можна назваць. Я не ведаю да чаго яны дайшлі.
РР: Не так даўно выйшаў Зміцер Дашкевіч, яго адпусцілі. Ён казаў, што з ім досыць карэктна абыходзіліся прадстаўнікі сілавых ведамстваў.
Сяргей Чыслаў: Тых, хто адразу быў на Валадарцы, іх не краналі. Б’юць і катуюць менавіта людзей, якія сядзяць у СІЗА КДБ.
РР: Вы заявілі, што ў Беларусі ёсць зняволеныя не толькі па справе “Белага легіёна”, але таксама арыштаваныя як мінімум пяць анархістаў. Ідуць рэпрэсіі супраць футбольных фанатаў.
Сяргей Чыслаў: Па фанатах яны працавалі, яны спачатку вылічылі ўсю сетку цалкам. То бок па кантактах у сацыяльных сетках, па тэлефанаваннях яны высачылі ўсю сетку. Спачатку яны пачалі вельмі далікатна, яны проста прыходзілі дамоў, сустракаліся з бацькамі, казалі: “А вы ведаеце, што ваш сын з’яўляецца фанатам, ён парушае законы”. То бок яны ўключалі такі механізм, каб бацькі самі пачалі гэтага маладога чалавека палохаць і кудысьці не пускаць. Далей яны зноўку адабралі тых, каго яны лічаць лідарамі і пачалі шукаць на іх крымінальныя справы, дзе да чаго можна дачапіцца, да якой праблемы. Па такім жа прынцыпе, я так разумею, зараз працуюць і з анархістамі, менавіта тая схема дзейнічае. Яны высачылі ўсю іхнюю сетку і зараз яны паказальна іх б’юць вельмі жорстка.
РР: Чаму анархісты не б’юць трывогу і не заяўляюць, што гэта палітычная справа?
Сяргей Чыслаў: Мы ж не ведаем чаму, можа прыпалохалі, можа зноўку зараз, як і нашы, пад падпіскай пра неразгалошванне.
РР: А ці можа штосьці Захад зрабіць у гэтай сітуацыі?
Сяргей Чыслаў: Можа і вельмі хацелася б, але ж для гэтага мусяць быць кансалідаваная пазіцыя. Пастаяннае крэдытаванне, пастаяннае фінансаванне Лукашэнкі яно нічога не дае. Як гэта прыкра не гучыць, я патрыёт сваёй краіны, але ж я ў дадзеным выпадку разумею, што тут як раз той выпадак, калі чым горай, тым лепей.
РР: Можа беларускае грамадства павінна быць галоўным суб’ектам?
Сяргей Чыслаў: Безумоўна, адзіны, хто можа ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі, гэта ў першую чаргу мае быць беларускі народ. Усім беларусам прыйдзецца вызначацца, хто на якім баку, я так разумею, што адседзецца не ўдасца ўжо нікому.
Сяргей Чыслаў (Бульба) нагадаў, што арганізацыя “Белы легіён” была распушчана больш за 12 гадоў таму, а сама справа высмактана з пальца. Таксама ён паведаміў, што апроч вязняў па справе патрыётаў у Беларусі ёсць і іншыя зняволеныя па палітычных матывах – меркавана 5 анархістаў.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава