Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка чарговы раз супярэчыць сам сабе



Аляксандр Лукашэнка ў чарговым пасланні супярэчыў сам сабе, так каментуе выступ кіраўніка Беларусі перад парламентарамі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, выступ можна падзяліць на дзве часткі, адна з іх – гэта тэзісы падрыхтаваныя памочнікамі Лукашэнкі:

– Упісалі ў гэты тэкст дастаткова шмат правільных тэзаў пра тое, што патрэбна разнявольваць бізнес, што трэба ў нейкі IT-аазіс ператварыць краіну і г. д. Але калі Лукашэнка адрываўся ад паперкі, то ён пачынаў абсалютна супрацьлеглыя рэчы казаць. Ён тым самым паказаў, што насамрэч ён не верыць у гэтыя прагрэсіўныя тэзы, якія яму ўпісалі памочнікі, і па-ранейшаму разлічвае на савецкія фактычна метады.

Неаднаразова кіраўнік Беларусі спасылаўся на досвед сістэмы, якая пацярпела крах яшчэ 25 гадоў таму, але сваім разуменнем свету навокал ён застаўся ў тых часах:

– Сённяшні кіраўнік Беларусі, ён чалавек учорашняга ці нават заўчорашняга дня. Ён закансерваваўся ў гэтых вось савецкіх поглядах, у савецкіх метадах. Практыка паказвае, што ўжо ў такім узросце, столькі гадоў пабыўшы ва ўладзе, ёсць боязь разбурыць сёння гэту пераміду ўлады рэформамі. На жаль гэты чалавек ужо не памяняецца.

Звычайна састарэлых кіраўнікоў змяняюць пры дапамозе выбараў і змены палітычных эліт. Пра гэта ў пасланні не прагучала ні слова.

Таксама Лукашэнка абвінаваціў незалежныя СМІ ў дыверсіі. Пры канцы свайго выступу ён абвінаваціў непадкантрольныя ўладзе СМІ ў „распальванні жарсцяў і закліках да супрацьпраўных дзеянняў”. Крытыка незележных СМІ — найвышэйшая ацэнка іх працы і прафесіяналізму, мяркуе палітычны аглядальнік:

– Адчуваецца, што там на версе, у гэтым апараце ўлады, назапасілася шмат злосці на незалежныя медыі. Шчыра кажучы я баюся, што цяпер вось можа пачацца такая зачыстка гэтага сектара, такая будзе своеасаблівая помста за тое, што журналісты сумленна выконвалі свой абавязак, асвятлялі гэтыя натуральна ж непрыемныя для рэжыму пратэсты.

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле.

За апошнія 3 месяцы амаль паўсотні разоў незалежных журналістаў у Беларусі затрымлівалі, каралі штрафамі і арыштамі ды канфіскоўвалі прафесійную тэхніку.

Сёлета колькасць выпадкаў пераследу незалежных журналістаў паводле БАЖ павялічылася амаль у 5 разоў у параўнанні з мінулым годам.

Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем Нацыянальнаму сходу. У пасланні закрануў пытанні міжнароднай і ўнутранай палітыкі, эканомікі, Дэкрэту №3 і пратэстаў абураных беларусаў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя