Суботнік у Суботніках
Сябры Партыі БНФ ды Таварыства беларускай мовы з Ліды і Бярозаўкі зладзілі суботнік у вёсцы Суботнікі Івейскага раёна на сядзібе Зянона Пазьняка.
Актывісты ўпарадкавалі сад ля дома, дзе нарадзіўся і вырас беларускі палітык, выразалі старыя яблыні ды кустоўе па перыметры пляца, падрэзалі ды пафарбавалі дрэвы, падраматавалі страху ў хляве, пабялілі фундамент хаты, пафарбавалі студню і крыж. Замест зрэзаных яблынь пасадзілі новае дрэўца. Сябры спадзяюцца, што ўраджаем белага наліву з маладой яблынькі ля сваёй хаты пачастуецца ўжо і сам Зянон Станіслававіч.
– Зрабілі добрую, плённую працу. Апрацавалі крыху падворак, зямлю. У кожным выпадку зямля не можа быць у занядбанні, яна павінна быць дагледжаная. Тым больш гэта зямля, на якой нарадзіўся, рос і станавіўся як чалавек наш выбітны зямляк Зянон Станіслававіч Пазьняк. Таму тое, што маглі зрабіць, мы зрабілі. І будзем гэта рабіць далей. Прыбралі смецце, падрэзалі дрэўцы. Прынамсі будзе бачна, што гэты домік захоўваецца, што ёсць людзі, якія за ім прыглядаюць.
Актывісты запэўнілі, што і надалей будуць даглядаць хату і надворак Зянона Пазьняка ў Суботніках. А пасля зробленай працы яны наведалі магілу маці Зянона Станіслававіча і ўшанавалі яе памяць на пятыя ўгодкі ад смерці.
[Not a valid template]Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара