І на “Славянскі базар” – пад прымусам



Тое, што беларускі народ, у большасці сваёй, жыве пад прымусам, вядома амаль кожнаму беларусу. Суботнікі – пад прымусам, адпачынкі – таксама. Нядаўна работнікі глыбоцкай пошты адзначылі жаночы дзень у тым кафэ, куды ім сказалі пайсці ўлады. Выдаткаваць суму на гэтую падзею ім трэба было тую, якую ім прызначылі. І хоць меню было не самае свежае, а на рукі наведвальнікам паставілі чарнільныя штампы (так у кафэ пазначаюць гасцей), якія яны ледзь дома потым адмылі, скардзіцца ніхто нікуды не пайшоў. Усе баяцца! Паскардзішся, лічаць работнікі, будзеш звольнены з працы. А працу знайсці ў маленькім горадзе складана ў цяперашні час. Канешне, не лічачы мясцовых калгасаў, дзе людзі працуюць за “міску супа ды палку каўбасы”, чакаючы свае маленькія заробкі па некалькі месяцаў. Людзі пакуль церпяць.. ды жартуюць, што засталося дзяржаве пачаць распараджацца і інтымным жыццём людзей.

Улады добра засвоілі, што звычайнаму чалавеку ў першую чаргу трэба хлеба ды відовішчаў. Задавальняючы асноўныя жыццёвыя патрэбы, яны выплочваюць невялікія заробкі, каб хапіла на хлеб. А з відовішчамі зараз стала крыху складаней. У тых, у каго не хапае грошай на нармальнае харчаванне, і жадання няма наведваць розныя забаўляльныя мерапрыемствы. Максімум людзі могуць наведаць мясцовае свята вёскі ці іншае бясплатнае мерапрыемства ў раёне. Але таксама не ўсе, бо паехаць на свята ў горад каштуе нямала. Дарога, атракцыёны для дзяцей, наведванне міні-кафэ на плошчы горада ці ў іншым месцы, каб перакусіць, да таго ж трэба зрабіць нейкія пакупкі. І калі падлічыць, абыдзецца ў значную суму. Вось і сядзяць вяскоўцы ў асноўным па дамах. Куды паедзеш, калі з заробку ў 150-250 беларускіх рублёў атрымліваеш на рукі чыстымі максімум 30-80 рублёў, а астатняе – праз мясцовую краму каўбасамі, тушонкай ды іншай не зусім якаснай прадукцыяй.

Для больш заможных гараджанаў можна арганізаваць і паездку ў вобласць, напрыклад, на “Славянскі базар” у Віцебск. Вось і зараз, але, што тут здзіўляцца, так было і раней, аддзелы ідэалогіі райвыканкамаў Віцебскай вобласці рассылаюць кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстановаў электронныя лісты. У іх гаворыцца пра неабходнасць набыцця квіткоў на канцэрты фестывалю. Яны просяць справаздачы ў ніжэй прыведзенай форме не пазней 9.00 гадзінаў на 1, 10, 20 чысло кожнага месяца.

Вось такі зварот да кіраўнікоў Браслаўскага раёна паступіў з мясцовага аддзела ідэалогіі:

 

Добрый день! Напоминаем Вам о необходимости предоставить информацию по вопросу приобретения билетов на концерты «Славянского базара в Витебске» по прикреплённой форме ежемесячно не позднее 9:00 1, 10, 20 числа каждого месяца.

Контактное лицо: Новикова Людмила Эдуардовна (тел. раб. 3-51-64).

С уважением, отдел идеологической работы, культуры и по делам молодёжи.

 

  1. «Я люблю фестиваль»
забронировано приобретено
   
  1. «Союзное государство приглашает»
забронировано приобретено
   
  1. «Александр Зацепин. Есть только миг….»
забронировано приобретено
   
  1. Конкурс День первый: «Славянский хит»
забронировано приобретено
   
  1. Конкурс День второй: «Фестивальный хит»
забронировано приобретено
   

Як кажа адзін з кіраўнікоў прадпрыемства, у мінулым годзе яны купілі толькі некалькі квіткоў, дык з дырэкцыі фестывалю патрабавалі гарантыі, што гэтыя месцы не будуць пуставаць. Гэта значыць, што купіць мала, патрэбна стварыць масоўку.

Толькі вось навошта праводзіць такія фестывалі, куды людзей заганяюць на канцэрты і ствараюць масоўку? Можа, хтосьці і скажа, што для Віцебскай вобласці фестываль “Славянскі базар” вельмі  патрэбны. Дык тады чаму не зрабіць іншы фармат ці не ўнесці штосьці новае і крэатыўнае ў праграму, каб людзі самі захацелі набываць туды квіткі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя