Пад Лоддзю перакуліўся аўтобус з беларусамі, ёсць пацярпелыя (абноўлена)



Усе пацярпелыя ў аварыі беларусы ўжо сёння трапяць дамоў. Як паведамілі ў прадстаўніцтве перавозчыка – «Іван-Тур», у Варшаву быў адпраўлены дадатковы аўтобус, які забярэ ўсіх пасажыраў, у тым ліку і пацярпелых, траўмы якіх ацэньваюцца як несур’ёзныя. У адной з пасажырак быў пералом ключыцы, з-за гэтага было вырашана транспартаваць яе ў шпіталь на верталёце. Яна таксама будзе дастаўлена ў Гародню 25-га красавіка.

Дзяцей сярод пасажыраў аўтобуса не было. Усе атрымаюць грашовую кампенсацыю ад гарадзенскай турфірмы, па пуцёўках якой яны ехалі на адпачынак.

Дакладная прычына аварыі пакуль невядомая. Кіроўца аўтобуса быў цвярозы, гэта пацвердзілі і ў паліцыі Лодзі.

* * * 

18 грамадзян Беларусі пацярпелі ў выніку аварыі, аўтобус па нявысветленых прычынах з’ехаў з аўтастрады і перакуліўся. ДТЗ адбылося ранкам.

Усе пацярпелыя  знаходзяцца ў шпіталях. Як паведаміў Адам Коляса з прэсавага бюро ваяводскай управы паліцыі ў Лодзі,  звыш 40  грамадзянаў Беларусі вярталіся на Радзіму з экскурсіі ў Прагу:

– ДТЗ адбылося непадалёк ад мясцовасці Завады, у кірунку Варшавы. Паліцыя высветліла, што кіроўца па нявысветленых прычынах з’ехаў з дарогі, і аўтамабіль скаціўся ў кювет. Аўтобус перавярнуўся на бок. У выніку здарэння пацярпелі 18 асоб. Адзін чалавек з найбольш цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу на верталёце LPR. Што тычыццца іншых пацярпелых, яны перавезены ў розныя шпіталі на тэрыторыі ваяводства. Астатнія беларусы, якія не атрымалі пашкоджанняў у выніку ДТЗ, зараз даюць паказанні супрацоўнікам паліцыі, якія збіраюць інфармацыю пра абставіны здарэння, каб як мага дакладней высветліць яго акалічнасці.

Як паведаміў прэс-сакратар паліцыі Лодзі, амбасада Беларусі ў Польшчы ўжо праінфармавана пра ДТЗ.

Як паведаміла прэсавы сакратар авіявыратавальнай службы Юстына Сухоцка, жанчына, якая атрымала цяжкія траўмы, ужо дастаўлена ў шпіталь:

– Каля 4 гадзін раніцы, адразу пасля здарэння, на месца аварыі быў накіраваны верталёт.  Апроч гэтага, на месцы знаходзілася 8 машын хуткай дапамогі. У цяжкім стане знаходзіцца адна жанчына, якая атрымала траўмы галавы і грудной клеткі. Яна была дастаўлена верталётам у адзін з варшаўскіх шпіталяў. Астанія пацярпелыя дастаўлены ў бліжэйшыя лякарні. Іх жыццю нішто не пагражае.

На месцы здарэння паліцыя высьвятляе прычыны выпадку. Вядома, што кіроўца аўтобусу быў цьвярозы. Рух на магістралі А-2 надалей блакаваны, працуе толькі адна аварыйная паласа. Такая сітуацыя можа працягнуцца да вечара, паведамілі ў Лодзінскай паліцыі.

 

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com