10 гадоў без Чаславы Семяновіч



Дзесяць гадоў, як не стала Чаславы Антонаўны Семяновіч, гарадзенкі, актывісткі  беларускай кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком.  Ёй было 66 гадоў. Яна была шчырай антыкамуністкай, верніцай. Арганізоўвала збор сродкаў на крыжы для „Курапатаў”. Згадвае пра яе Анджэй Пачобут, гарадзенскі журналіст.

— Яна напрыклад хадзіла на Імшу польскую, а пасля на Імшу беларускую. У яе было вось такое спалучэнне. У яе брат загінуў у АК, у хаце было шмат падзяк ад касцёла. Усё што ў яе было, яна альбо лідарам, якіх паважала, — а яна  была вялікай прыхільніцай Зянона Пазьняка,— альбо ў палітыку спрабавала даць і вось у Касцел несла. Гэты чалавек жыў для іншых.

Часлава Семяновіч мела вялікую любоў да свайго народа, як да народа памежжа. Таму, напэўна ў ёй зліліся адданасць беларускай нацыянальнай ідэі і польскаму нацыянальнаму руху ў Гарадзеншчыне. Яе кумірамі былі Зянон Пазьняк і святы Папа Рымскі Ян Павал ІІ. Яе асобу варта параўноўваць з Элізай Ажэшкай, мяркуе публіцыст Уладзімір Хільмановіч:

— На жаль, такіх людзей не так шмат апошнім часам застаецца. Часлава Антонаўна была паслядоўнай антыкамуністкай, яна вельмі не любіла бальшавікоў. З іншага боку яна была адданай хрысціянкай, прадстаўніцай Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Нездарма ў яе пакойчыку на самым бачным месцы былі два партрэты: Яна Паўла ІІ і Зянона Пазьняка.

Паходзіла Часлава Семяновіч са Смургоньшчыны. Дзявочае прозвішча Садоўская. Менавіта ў гэтым рэгіёне ў паваенным часе антыкамуністычны рух быў дастаткова моцны. Памятаюць яе, як актыўную збіральніцу подпісаў, якія арганізоўвалі розныя грамадскія арганізацыі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя