На Радуніцу на могілках у Гародні знайшлі гранату
У аўторак, 25 красавіка, каля поўдня на могілках па праспекце Касманаўтаў наведвальнікі знайшлі гранату часоў вайны.
У хуткім часе на месца прыбыла сапёрная група, якая і забрала гранату. Як боепрыпас апынуўся на могілках, можна толькі здагадвацца. Яго знайшла жанчына каля адной з магіл.
„Мы стаялі на могілках і да нас падышла жанчына, якая распавяла, што ў зямлі ўбачыла нешта падобнае на міну. Разам з ёй мы падышлі і здагадкі жанчыны пацвердзіліся. Хутка выклікалі групу размініравання і сышлі далей ад месца выяўлення”, — распавёў Ілля, супрацоўнік фірмы, якая займаецца помнікамi.
Сапёры вывезлі небяспечную знаходку з тэрыторыі могілак, каб пасля знішчыць.