Набіраюць грамадскую працоўную групу па мемарыялізацыі Курапатаў
У інтэрнэце пачаўся набор валанцёраў у працоўную групу па мемарыялізацыі Курапатаў. Далучацца да працоўнай групы запрашаюцца гісторыкі, журналісты, дызайнеры, PR-менеджары, праграмісты, фатографы і кожны, хто мае жаданне і навыкі, якія дапамогуць у рэалізацыі сумесна выпрацаваных ідэяў.
Грамадская працоўная група па мемарыялізацыі Курапатаў ставіць за мэту пашырыць вядомасць Курапатаў, палегчыць доступ да інфармацыі пра савецкія рэпрэсіі і актывізаваць грамадскае абмеркаванне пытанняў памяці злачынстваў савецкай улады.
Каб далучыцца да працоўнай групы, неабходна запоўніць анлайн-форму тут.
“Мемарыялізацыя Курапатаў — не проста ўсталяванне бетоннага помніка, але шырокая грамадская кампанія па вывучэнні, захаванні і пераасэнсаванні гістарычнай памяці. Кожны беларус павінен разумець, якім чынам асабіста яго (яе) тычацца падзеі ў Курапатах”, — кажуць каардынатары стварэння працоўнай групы з ініцыятывы “Дзея”.
Беларускае Радыё Рацыя