У Гародні раздавалі спецвыпуск “Народнай волі”
Гарадзенскія праваабаронцы раздавалі жыхарам горада спецвыпуск “Народнай волі”. Тэма выпуску – гадавіна аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Раздача спецвыпускаў газет стала ўжо традыцыйнай з’явай для праваабаронцаў – піша сайт “Гарадзенская Вясна”. Гэтым разам вырашылі распаўсюдзіць інфармацыйную прадукцыю на цэнтральных рынках гораду.
Як адзначыў для нашага радыё адзін з удзельнікаў акцыі – Эдвард Дмухоўскі, людзі рэагавалі станоўча:
– Людзі бралі газету з прыязнасцю, тым больш мы раздавалі гэтую газету ў такім нармальным месцы – гэта Скідзельскі рынак. Прадпрымальнікі – гэта людзі, якіх хвалюе, дзе яны жывуць, чым яны дыхаюць, што яны ядуць і што іх чакае з пабудовай Астравецкай АЭС.
Як адзначаюць праваабаронцы, перашкодаў з боку міліцыі ды іншых сілавых структураў не было. На сайце harodniaspring.org можам пабачыць фотарэпартаж з гарадзенскай акцыі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя