Леанід Заяц: Глабальных заўваг у Рассельгаснагляда няма



Глабальных заўваг да якасці беларускай прадукцыі Рассельгаснагляд не мае, паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц 27 красавіка падчас 3-га экспартнага форуму „Беларусь малочная” ў Менску.

Ён нагадаў, што з 5 па 13 красавіка спецыялісты Рассельгаснагляда праверылі восем беларускіх прадпрыемстваў. „На гонар нашым прадпрыемствам, глабальных заўваг да якасці беларускай прадукцыі няма, яна не нясе ніякіх рызык для чалавека”, — сказаў міністр. У выніку праверак, дадаў ён, былі адкрытыя для паставак у Расію два прадпрыемствы — „Бабулін гладыш” і „Вялес-Міт”.

Па выніках праверкі Рассельгаснагляд накіраваў у Мінсельгасхарч Беларусі спіс заўваг. Некаторыя заўвагі беларускі бок лічыць „прадузятымі і перакручанымі”, заявіў Заяц.

Паводле яго слоў, да 1 мая спецыялісты Мінсельгасхарча плануюць правесці чарговыя перамовы з Рассельгаснаглядам, каб працягнуць дыялог па зняцці абмежаванняў з беларускіх прадпрыемстваў.

У сваю чаргу 1 мая чакаецца візіт у Беларусь групы спецыялістаў Рассельгаснагляда з мэтай інспекцыі астатніх 12 прадпрыемстваў, якія пакуль не могуць пастаўляць прадукцыю ў Расію.

Кіраўнік Мінсельгасхарча падкрэсліў, што яны прыязджаюць па просьбе беларускага боку. „Я лічу, што нашы прадпрыемствы гатовы да праверкі любога ўзроўню”, — дадаў Заяц.

Абмежаванні на пастаўку ў Расею прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК былі ўведзеныя ў канцы 2016 года — Рассельгаснагляд усумніўся ў яе якасці.

3 лютага гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі. 7 лютага МУС праінфармаваў пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляда. У адказ Данкверт парэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах.

У канцы сакавіка Данкверт у пісьмовай форме праз Генпракуратуру РФ адказаў на пытанні беларускіх праваахоўнікаў, падрабязна патлумачыўшы прычыны забароны на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі.

3 красавіка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу Уладзімір Пуцін даручыў ураду РФ праверыць якасць прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК, „у дачыненні да якіх узніклі нейкія сумневы”.

belapan.by