Фільм „Першадрук” пра Скарыну выйдзе ў пракат у траўні



Фільм прысвечаны адной з самых яркіх асоб у гісторыі Беларусі – Францыску Скарыну і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Карціна здымалася на тэрыторыі чатырох краін: у Беларусі (Менск, Полацк, Вілейка), Польшчы (Кракаў), Чэхіі (Прага) і Расеі (Санкт-Пецярбург). Гэта карціна паказвае жыццёвы шлях беларускага першадрукара, прапануе прайсці яго дарогамі.

Аўтар сцэнарыя фільма Уладзімір Мароз і рэжысёр Ігар Чышчэня раскрываюць асобу вялікага першадрукара ў кантэксце сучаснасці. Паводле слоў рэжысёра, мэтай стваральнікаў было не проста расказаць біяграфію Скарыны, а спраецыраваць асобу першадрукара на сённяшні дзень, паказаць, што яго ідэі і прынцыпы жывуць у сучаснасці.

Акрамя работы сцэнарыста і рэжысёра, кінакрытыкі адзначаюць здымкі аператара Аляксандра Акавіцкага і музыку, спецыяльна напісаную да фільма Аляксандрам Круцелем.

Фільм створаны на беларускай мове, плануецца яго пераклад на рускую і англійскую мовы.

Усе абласныя кінавідэапракаты краіны пакажуць новую карціну беларускіх кінадакументалістаў. Павышаная цікавасць да фільма „Першадрук” не выпадковая, адзначылі на кінастудыі. Апошні фільм пра Скарыну, прызначаны для кінапракату, быў зняты на студыі „Летапіс” у 1989 годзе.

Далейшая пракатная гісторыя фільма разнастайная: ён будзе прапанаваны да паказу на тэлеканалах Беларусі і за яе межамі, фільм стане ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны, фільм будзе рэкамендаваны ў калекцыі буйнейшых еўрапейскіх бібліятэк.

Паказ карціны запланаваны таксама на Дні беларускага пісьменства, які пройдзе ў верасні ў Полацку.

belta.by