Трансляцыя паўфіналу „Еўрабачання” пройдзе на беларускай мове



«Слоган конкурсу ў гэтым годзе Celebrate Diversity (сьвяткуйце разнастайнасць), таму нам хацелася паказаць сьвету, у тым ліку, разнастайнасць беларускай мовы, бо „Еўрабачанне” актыўна глядзяць беларусы ў іншых краінах», – распавёў журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін, які будзе каментаваць другі паўфінал „Еўрабачання” на беларускай мове.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Як распавёў Перлін, ён плануе „не толькі традыцыйна сачыць за каментарамі гледачоў у сацыяльных сетках Twitter і Facebook, але і ўпершыню ў Instagram адлюстроўваць тое, што адбываецца ў каментатарскай кабіне ў пэўную хвіліну”.

Нагадаем, прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі – «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24», а таксама афіцыйны сайт медыяхолдынга tvr.by.

Гурт NaviBand  з кампазіцыяй «Гісторыя майго жыцця» выступіць у другім паўфінале пад нумарам 14.

Разам са шматмільённай аўдыторыяй «Еўрабачання» за свайго фаварыта ў другім паўфінале і ў фінале змогуць прагаласаваць і беларускія тэлегледачы. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, гледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну. Вынікі галасавання ад Беларусі другі раз абвесціць спявачка Алена Ланская, якая прадстаўляла краіну на «Еўрабачанні-2013».

tut.by