Начальнік Столінскага РАУС затрыманы п’яным за рулём
За кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення затрыманы начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Філіпчык.
Як паведамляе МУС, Філіпчык быў затрыманы 22 красавіка ў 16.05 у вёсцы Галева Пінскага раёна падчас планавага рэйду супрацоўнікамі ўпраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння, асобнага спецыяльнага ўзвода „Буг” ДПС ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, а таксама галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.
У момант затрымання Філіпчык знаходзіўся ў адпачынку.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, начальнік Столінскага РАУС кіраваў аўтамабілем Land Rover, які належаць яго жонцы.
Акрамя самага жорсткага пакарання згодна з адміністрацыйным заканадаўствам супрацоўнік будзе звольнены з органаў унутраных спраў, заяўляюць у МУС.
За апошнія паўгода гэта не першы выпадак затрымання міліцэйскага чыноўніка за рулём у стане алкагольнага ап`янення. У лістападзе мінулага года адбылося рэзананснае ДТЗ з удзелам выканаўцам абавязкаў начальніка ДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэя Валкавыцкага. Кіруючы аўтамабілем у стане алкагольнага ап`янення і перавысіўшы хуткасць, ён збіў 36-гадовую жыхарку Слуцка. Жанчына загінула на месцы, у яе засталося двое дзяцей. Паводле звестак следства, у момант учынення ДТЗ супрацоўнік ДАІ быў не пры выкананні, на асабістым аўтамабілі і ў цывільным адзенні. Суд Ляхавіцкага раёна прысудзіў Валкавыцкага да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён таксама пазбаўлены права займаць пасады ў органах унутраных спраў тэрмінам пяць гадоў і права кіраваць транспартнымі сродкамі на працягу пяці гадоў.
Праца па выяўленні парушальнікаў закона сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у МУС знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка ведамства Ігара Шуневіча.