ЕАБР: Умовы выдзялення Беларусі еўразійскага крэдыту змененыя
У крэдытную праграму Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця ўнесеныя карэктывы, гаворыцца ў паведамленні Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які з’яўляецца кіраўніком сродкаў фонду.
Як адзначае банк, трэці транш крэдыту на суму 300 млн 26 красавіка быў пералічаны ў Менск пасля таго, як у крэдытную праграму былі ўнесены змены. „Неабходнасць карэкціровак праграмы была абумоўлена невыкананнем Рэспублікай Беларусь трох індыкатыўных паказчыкаў, якія прадугледжваюць прыняцце Стратэгіі павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі арганізацыямі, і двух указаў прэзідэнта”, — тлумачыць ЕАБР.
Замест выканання гэтых умоў крэдытная праграма ўзмоцнена „шэрагам мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне метадаў карпаратыўнага кіравання ў 17 акцыянерных таварыствах, у тым ліку праз прыняцце карпаратыўных кодэксаў, стварэнне профільных камітэтаў і ўзмацненне складу наглядальных саветаў незалежнымі дырэктарамі”, паведамляе ЕАБР.
Акрамя гэтага ўмовы выдзялення пятага траншу крэдыту дапоўнены мерамі па „аптымізацыі дзяржаўнай уласнасці на рэспубліканскім узроўні праз перадачу ў камунальную ўласнасць не менш чым 45 дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама продаж дзяржаўнай долі акцый асобных акцыянерных таварыстваў на біржы”.
Ва ўмовы шостага траншу ўключаны новы кантрольны паказчык па распрацоўцы і ўкараненні ў практыку механізмаў сацыяльнай абароны, што прадугледжваюць прафесійнае перанавучанне работнікаў, якія вызваляюцца ў ходзе рэарганізацыі, і іх далейшае працаўладкаванне. „Гэта мерапрыемства накіравана на стварэнне ўмоў па правядзенні больш актыўнай аптымізацыі колькасці работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах і з’яўляецца кампенсацыйнай мерай нявыкананай умовы трэцяга траншу, якая прадугледжвае павышэнне дапамог па беспрацоўі да бюджэту пражытачнага мінімуму”, — гаворыцца ў паведамленні ЕАБР.
Пры гэтым еўразійскі банк таксама паведамляе, што ў маі правядзе чарговы раўнд кансультацый з уладамі Беларусі па вызначэнні дадатковых умоў наступных траншаў. „Фокус перамоў будзе накіраваны на распрацоўку мер павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі як ключавога фактару выхаду Рэспублікі Беларусь на доўгатэрміновы ўстойлівы рост”, — тлумачыць ЕАБР.
Нагадаем, беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд долараў, які выдзяляецца сямю траншамі. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі.
На гэты момант беларускі бок атрымаў тры траншы еўразійскага крэдыту — 500 млн долараў у сакавіку 2016 года, 300 млн долараў — у ліпені 2016 года і трэці таксама на 300 млн долараў — 26 красавіка 2017 года.
Варта адзначыць, што Мінфін Беларусі разлічваў атрымаць трэці транш крэдыту ЕФСР у кастрычніку 2016 года, аднак гэтага не адбылося. Беларускія аналітыкі лічаць, што затрымка з выдзяленнем трэцяга траншу еўразійскага крэдыту была звязана з нафтагазавай спрэчкай паміж Масквой і Менскам, якая была ўрэгулявана 13 красавіка 2017 года.