Беларусы пра рост коштаў: Менш есці будзем, здаравее будзем



У паўтары разы паскорыўся рост спажывецкіх коштаў у Беларусі, па дадзеных Белстату, у верасні ў параўнанні з папярэднім месяцам. З пачатку года кошты павялічыліся амаль на 14 працэнтаў. Але ёсць тавары, якія крыху патаннелі ў параўнанні з папярэднім месяцам.

Мы запыталіся ў жыхароў Глыбокага, ці заўважылі яны змены коштаў на прадукты харчавання і прамысловыя тавары ў той або іншы бок і ці сталі яны менш набываць  якіх-небудзь тавараў.

– Я заўважыла, што ў нас панізіліся заробкі. Жывем неяк – выкарасківаемся. Глядзім, дзе ніжэйшыя кошты, там і бярэм.

 – Мясных прадукатаў менш стала браць, а хлеб і малако – гэта ж патрэбна. Садавіна, гародніна – свая. А мяса, кажуць, шкодна есці. Менш есці будзем, здаравее будзем.

 – Я не звяртаю на гэта ўвагі, бо бессэнсоўна. Раней пра павышэнне коштаў папярэджвалі.  А цяпер спантанна ўсё. Кілаграм мяса – 170 тысяч і як я яго набываць буду, калі заробак у мяне 2 мільёны.

 – Не звяртала на гэта ўвагі. Але, калі разлічваешся ля касы за ўсё адразу, усё больш і больш трэба плаціць. 

Сярод харчовых тавараў заўважна павялічыўся кошт гародніны, садавіны і гарбаты. Але патаннелі бульба , макаронныя вырабы, пшанічная мука і яйкі. Сярод нехарчовых тавараў падаражалі бензін, медыкаменты і пісьмовыя прылады . На абутак, дываны і дывановыя вырабы кошты знізіліся.

Беларускае Радыё Рацыя,  Таццяна Смоткіна, Глыбокае