Ці магчыма змагацца з беззаконнем у судах?



„Сцяна правасуддзя” застаецца маналітнай і непарушнай”, – кажа праваабаронца Таццяна Равяка.

Судовы канвеер у Беларусі працягваецца, найбольш актыўных людзей накіроўвалі на “суткі”, штрафуюць быццам бы за “лаянку, непадкарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” і даказаць сваю невінаватасць у судзе практычна немагчыма, бо суддзі прымаюць да ведама толькі паказанні міліцыянтаў. Днямі, напрыклад, была аштрафавана на 20 базавых велічынь праваабаронца Таццяна Равяка, якая 26 сакавіка была затрымана падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Як змагацца з гэтым беззакаконнем?

Таццяна Равяка: Мяне судзілі ў дзень, калі спаўняўся 21 год Праваабарончаму цэнтру “Вясна”. І сёння можна канстатаваць – за гэтыя гады, на жаль, мы сталі сведкамі дэградацыі правасуддзя – палітычная мэтазгоднасць і тэлефоннае права перамагае закон, правы чалавека і здаровы сэнс. Мая справа – адна з сотняў справаў „Вясны-2017”, мая асабістая гісторыя – адна з гісторый сотняў чалавек, якія прайшлі праз судовы канвеер і не здолелі дамагчыся апраўдання, былі абылганыя і пакараныя.

РР: Ці можа нейкім чынам чалавек абараніцца ў такой сітуацыі?

Таццяна Равяка: Безумоўна, часам ёсць надзеі на тое, што суд можа быць аб’ектыўным і справядлівым, як, напрыклад, гэта было з апраўданым блогерам Раманам Пратасевічам, але збольшага „сцяна правасуддзя” застаецца маналітнай і непарушнай. Вядома, я была падрыхтавная да суда, у мяне былі сабраныя 100-адсоткавыя  доказы маёй невінаватасці ў тым, у чым мяне абвінавачвалі, але кругавая парука паміж судом і сілавымі структурамі перамагла відавочнае. У мяне пыталі: ці лічу, што я прайграла суд? Не, не лічу. Бо ў такіх сітуацыях прайграе правасуддзе, прайграе вера і надзея на суд, як дзяржаўны орган, які мусіць стаяць на варце законнасці і інтарэсаў грамадзян. Прайграе справядлівасць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН