Беларускі парламент ратыфікаваў дамову аб стварэнні ЕЭС
Дэпутаты беларускага парламенту ратыфікавалі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу. Пра гэта заявіў старшыня парламенцкай камісіі ў міжнародных справах Мікалай Самасейка. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што нічога нечаканага не адбылося – у святле вынікаў перамоў пра кампенсацыю Беларусі «падатковага манеўру» з боку Расеі.
– Сам факт ратыфікацыі дамовы сведчыць пра тое, што Масква і Менск улагодзілі свае супярэчнасці ў пытанні кампенсацыі за расейскі падатковы манеўр. Адбыліся перамовы, Беларусь атрымала права цалкам у наступны годзе залічыць у свой бюджэт нафтавыя мыты. Масква, можна сказаць, праплаціла чарговы этап еўразійскай інтэграцыі. З гэтага гледзішча ратыфікацыя была чаканай, але “дулю” у кішэні беларускі бок па-ранейшаму трымае. Намякалі, што прымуць з агаворкай. У выніку, тут такая гульня словаў, маўляў, агаворкі няма, але ёсць яшчэ заява.
Як адзначаецца ў заяве, Беларусь абяцае добрасумленна выконваць дамову пра Еўразійскі эканамічны саюз, але пры ўмове, што паўстануць дамоўленасці пра зняццё бар’ераў і абмежаванняў у гандлі, пра лібералізацыю аўтамабільных перавозак ды іншыя. Дэпутат Мікалай Самасейка падкрэсліў, што гэта менавіта заява, а не ратыфікацыя дамовы з агаворкамі, якія дазваляюць не выконваць яе палажэнні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя