Працягваецца праваабарончая акцыя „Тыдзень супраць смяротнага пакарання”
У Менску і рэгіёнах працягваецца праваабарончая акцыя „Тыдзень супраць смяротнага пакарання”.
Паводле аднаго з яе арганізатараў, каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, тыдзень атрымаўся насычаным і прадстаўнічым:
– Ганаровыя госці – Карэл Шварцэнберг – былы міністр замежныых справаў Чэхіі, які паслядоўна адстойвае правы чалавека, Тамара Чыкунова – кіраўнік узбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” . У межах тыдня адбылося адкрыццё выставаў, у тым ліку плакатаў Алега Аблажэя – беларускага мастака з Вільні, вышэйшая мера – фотавыстава Сяргея Балая. Была сустрэча Карэла Шварцэнберга з беларускай інтэлігенцыяй, прадстаўнікамі ПЕН-центра.
Таксама Карэл Шварцэнберг выступіў з публічнай лекцыяй у менскай галерэе „Ў” . А Тамара Чыкунова ў Гомелі сустрэлася з маці асуджанага да смерці Аляксандра Грунова.
Сёлета ў Беларусі ўжо растраляныя два чалавекі. І яшчэ двое асуджаных да вышэйшай меры пакарання – Аляксандр Груноў ды Эдуард Лыкаў чакаюць выканання прысуду.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя