З 1 траўня павялічваецца бюджэт пражытачнага мінімуму
1 траўня ў Беларусі на 3,72 рубля павялічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва. Ён складзе 183,82 рубля. Згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, новы нарматыў будзе дзейнічаць па 31 ліпеня 2017 года.
З пачатку 2016 года БПМ штоквартальна павялічваўся, а з 1 лістапада быў паменшаны на 98 капеек з-за зніжэння цэн на плодаагароднінную прадукцыю ў перыяд яе масавай нарыхтоўкі і значнай удзельнай вагі гэтага артыкула выдаткаў у прадуктах харчавання, з 1 лютага ён быў павялічаны на 5,58 рубля.
У сувязі са змяненнем БПМ 1 мая 2017 года будуць таксама павялічаны: мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, падвышэнні да пенсій і даплаты асобам старэйшым за 75 гадоў, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; дапамогі па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
Таксама будуць павялічаныя дапамогі на дзяцей: пры нараджэнні дзіцяці (першага — 10 БПМ, другога і наступных — 14 БПМ), па догляду дзіцяці-інваліда да 18 гадоў (1 БПМ), на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да трох гадоў (0,5 БПМ), на дзяцей старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў (0,5 БПМ, 0,7 БПМ), на дзяцей да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (0,7 БПМ).
Вырастуць з 1 траўня і іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца з памеру БПМ.
Устаноўлены таксама новы БПМ для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва: працаздольных грамадзян — у памеры 204,35 рубля; пенсіянераў — 141,50; студэнтаў — 178,66; дзяцей да трох гадоў — 119,55; дзяцей ад трох да шасці гадоў — 163,83; дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 201,05 рубля.
Бюджэт пражытачнага мінімуму служыць нарматывам індэксацыі даходаў насельніцтва, а таксама выступае як крытэрый патрэбнасці пры вызначэнні права грамадзян на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Акрамя таго, БПМ прымяняецца для вылічэння іншых выплат і служыць крытэрыем ацэнкі пры вызначэнні права грамадзян на некаторыя віды сацыяльнай падтрымкі.