У Берасці пройдзе флэшмоб



Актывісты Берасцейшчыны, атрымаўшы адмову ад уладаў адсвяткаваць афіцыйна Міжнароднае свята працы – Першамай, вырашылі правесці флэшмоб у Берасці.

Флэш-моб пройдзе ля кінатэатра “Беларусь” па вуліцы Савецкай. Плануецца стаць у ланцуг і ў руках трымаць чыстыя белыя аркушы А4, якія ўвасабляюць патрабаванні грамадства да ўладаў. Кажа сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў з Бярозы:

– Гэта флэшмоб, а не масавае мерапрыемства. У прынцыпе, там шмат людзей не будзе. Плюс усюды будуць арганізаваны розныя святочныя мерапрыемствы. І наша задача іх не зрываць. Наша мэта – каб людзі зразумелі, што праблемы ёсць, і мы хочам іх акрэсліць. Ёсць людзі, якія гатовы гэтыя праблемы ўздымаць, вырашаць. Гэта годная праца і ўмовы для яе. Гэта “НЕ” кантрактнай сістэме, якая з людзей робіць рабоў. Гэта “НЕ” рэпрэсіям свабодных журналістаў, блогераў, грамадзянскай супольнасці. Выступаем супраць такіх рэчаў, якія маюць месца ў нашай краіне.

Паводле Аляксандра Кабанава, не будзе лозунгаў і заклікаў, а толькі размовы з тымі, хто сам падыдзе да ўдзельнікаў, таму не павінна быць ніякіх рэпрэсій з боку ўладаў.

Беларускае Радыё Рацыя