Затрыманні напярэдадні 1 траўня ў Гомелі (абнаўляецца)
Напярэдадні дазволенай уладамі акцыі апазіцыі ў Гомелі пачаліся прэвентыўныя затрыманні журналістаў і грамадскіх актывістаў.
30 красавіка байцы АМАП затрымалі журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса, які накіроўваўся дамоў пасля працы. Потым у міліцэйскай управе Навабеліцкага раёна на яго склалі пратакол за лаянку ў грамадскім месцы. Верагодна, што 2 траўня ў Навабеліцкім раённым судзе Гомеля адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да затрыманага журналіста. Іншыя калегі Яўгена Меркіса, Кастусь Жукоўскі і Марына Драбышэўская, скардзяцца на тое, што іх пільнуюць міліцыянты ў цывільным.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, раніцай 1 траўня на выхадзе з пад’езда ўласнага дома быў затрыманы грамадскі актывіст Андрэй Макараў.
У 9.50 раніцы прафсаюзны актывіст Віктар Рубцоў паспеў паведаміць пра сваё затрыманне міліцыянтамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель