Да Мікалая Статкевіча па-ранейшаму не пускаюць адваката



Да арыштаванага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча па-ранейшаму не пускаюць адваката, паведаміла БелаПАН яго жонка Марына Адамовіч.

Сувязь са Статкевічам, які заклікаў людзей выйсці 1 мая на Кастрычніцкую плошчу Менска з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі, знікла ўвечары 28 красавіка. На наступны дзень яго жонцы патэлефанавалі з Ленінскага РУУС і паведамілі пра тое, што Статкевіч асуджаны судом Ленінскага раёна на пяць сутак адміністрацыйнага арышту і знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна. За што судзілі палітыка, Адамовіч не сказалі. 29 красавіка да Статкевіча ўвесь дзень не пускалі адваката, матывуючы гэта тым, што ўсе кабінеты для сустрэч занятыя.

„Сёння зноў адваката не пускаюць. Спачатку ў іх быў сняданак, потым перазменка, а цяпер пачалі раптам труціць вошай”, — расказала Марына Адамовіч.

У сувязі з гэтым жонка палітыка выказала сумнеў у тым, што ён утрымліваецца ў ЦІП. „Я ўжо сумняваюся, што і выпусцяць Мікалая належным чынам. Калі гэтага не адбудзецца, я буду разглядаць тое, што адбываецца, як спробу выкрадання чалавека і пакіданне яго ў небяспецы”, — заявіла Адамовіч. Паводле яе слоў, Статкевіча павінны вызваліць 3 траўня ў 17.10 — аб гэтым ёй паведамілі ў РУУС.

Напярэдадні акцыі апазіцыі 25 сакавіка Статкевіч таксама быў ізаляваны. У МУС і КДБ сваякам і журналістам заяўлялі, што ім нічога не вядома пра месцазнаходжанне палітыка, аднак пасля Статкевіч расказаў, што яго на працягу некалькіх дзён утрымлівалі ў СІЗА КДБ і дапытвалі па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў”. Гэтую інфармацыю ў КДБ абверглі.