У Беларусі з’явіліся новыя падвіды кляшчоў



З глабальным пацяпленнем клімату ў Беларусі з’явіліся новыя падвіды кляшчоў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 2 мая загадчык лабараторыі біябяспекі з калекцыяй патагенных мікраарганізмаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Анатоль Красько.

Ілюстрацыйнае фота

Паводле яго слоў, цяпер інфекцыяністы выяўляюць іксодавых кляшчоў, якія прыйшлі з паўднёвых рэгіёнаў, некаторыя з іх ужо дабраліся да Скандынаўскіх краін.

„Некаторыя з гэтых падвідаў кляшчоў пераносяць ўсе формы клешчавага энцэфаліту, у тым ліку сібірскага, і нават далёкаўсходнюю форму, — сказаў ён. — Гэтыя формы да нас, на шчасце, яшчэ не дабраліся, але нам і заходнееўрапейскага цалкам дастаткова”.

Як паведаміў Красько, з відаў кляшчоў, што традыцыйна жывуць у Беларусі, для чалавека ўяўляюць небяспеку іксодавыя лясныя (ixodes ricinus) і лугавыя (dermacentor reticulatus). Сустракаюцца іксодавыя кляшчы паўсюдна і пераносяць каля 20 мікраарганізмаў, з якіх як мінімум восем небяспечныя для чалавека. Апошнім часам медыкі адзначаюць павелічэнне пераносу анаплазм, эрліхій, бабезій, бартанел і іншых інфекцый, якія з’яўляюцца ўзбуджальнікамі гранулацытарнага анаплазмоза (эрліхіёзу) чалавека, а таксама бабезіёзу (піраплазмозу) і бартанелёзу — інфекцыйнага захворвання, якое суправаджаецца ліхаманкай і анеміяй.

Па-ранейшаму самымі небяспечнымі захворваннямі, якія пераносяць кляшчы, для чалавека застаюцца лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт.

Як распавёў намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Святаслаў Вельгін, у мінулым годзе ў параўнанні з 2015-м захворванне на клешчавыя інфекцыі па Менску вырасла на 60%. Было зафіксавана 18 выпадкаў клешчавага энцэфаліту і больш за 600 выпадкаў лайм-барэліёзу.

Усяго па краіне ў 2016 годзе было каля 49 тыс. зваротаў у сувязі з укусамі кляшчоў.

Паводле слоў загадчыка аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзіміра Пашковіча, першыя ўкусы кляшчоў сёлета былі зарэгістраваныя ўжо ў канцы лютага ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. З пачатку 2017 года было зарэгістравана менш зваротаў, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Тады з прычыны ўкусаў кляшчоў да медыкаў звярнуліся каля 2,3 тыс. чалавек, каля 700 з іх — дзеці.

Перыядам пікавай актыўнасці кляшчоў лічацца красавік і май, паведаміў спецыяліст. Ён заклікаў пры паходзе ў лясы і паркі выконваць агульнавядомыя меры засцярогі.

Святаслаў Вельгін дадаў, што супраць клешчавага энцэфаліту можна зрабіць прышчэпку.

„Калі вы плануеце паходы ў Сібір або на Урал, то трэба вакцынавацца, прычым загадзя — за паўгода, — распавёў ён. — Рэкамендуецца першую прышчэпку зрабіць у кастрычніку—лістападзе, другую праз 5-7 месяцаў. Тыя, хто хацеў, ужо гэта зрабіў, тым не менш, ніколі не позна зрабіць прышчэпку, таму што імунітэт пачынае выпрацоўвацца ўжо на працягу месяца пасля першай дозы вакцыны”.

belapan.by