На міліцыянтаў, якія паскардзіліся, ціснуць



На супрацоўнікаў крычаўскай міліцыі, якія напісалі зварот у Міністэрства ўнутраных спраў, узмацніўся націск з боку кіраўніцтва РАУС. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік Крычаўскага райаддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ігар Вусік — адзін з тых, хто падпісаў зварот.

30 красавіка на тэлеканале „Белсат” выйшаў сюжэт пра тое, што 11 міліцыянераў з Крычава звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча са скаргай на незаконныя, на іх думку, дзеянні начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына і яго намесніка Васіля Ціханенку. Аўтары звароту сцвярджалі, што начальства патрабуе ад іх дзяліцца грашовымі прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць іх на ўзмоцнены варыянт нясення службы, дазваляе сабе здзекі і абразы ў адрас падначаленых.

Гэтая інфармацыя была шырока растыражаваная ў СМІ.

У інтэрв’ю БелаПАН Вусік удакладніў, што патрабаванні дзяліцца прэміямі пачаліся ў лютым 2016 года. Пасля таго як Вусік, які мае на ўтрыманні траіх дзяцей, адмовіўся гэта рабіць, яго пазбавілі ўсіх даплат. „У снежні я даведаюся ад маіх участковых аб іх прэміраванні без майго ведама. Яны павінны былі грашовы аклад аддаць зампаліту — гэта значыць, два з паловай мільёны рублёў (недэнамінаваных.) кожны, а гэта — пяць-шэсць чалавек. Пры гэтым ад іх патрабавалі „не казаць Вусіку”, — расказаў міліцыянер.

У студзені гэтага года праблема абвастрылася. Паводле слоў Вусіка, міліцыянераў без усялякіх на тое падстаў пераводзілі на ўзмоцнены рэжым нясення службы. „Абгрунтаваннем узмоцненага варыянту павінна быць складаная аператыўная абстаноўка, і павінна пераводзіцца не адна наша служба, а ўвесь аддзел”, — дадаў Вусік.

Ён таксама распавёў пра шматлікія факты абраз у адрас міліцыянераў з боку кіраўніцтва РАУС, пра забарону сыходзіць з працы, пакуль не будзе знойдзены на вуліцы хто-небудзь, хто распівае спіртныя напоі ці ўчыняе дробнае хуліганства.

У лютым 11 супрацоўнікаў аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Па факце звароту была арганізаваная праверка. Яе афіцыйныя вынікі невядомыя, паводле неафіцыйнай інфармацыі — складу злачынства па артыкуле 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК у дзеяннях Чупрына не выяўлена, расказаў Вусік. „Вусна паведамілі, што мне — строгая вымова, і ад пасады вызваліць. Яму (Чупрыну) — заўвага за нетактоўныя паводзіны з супрацоўнікамі міліцыі. Пра зампаліта (Ціханенку) наогул нічога не ясна”, — дадаў міліцыянер.

У канцы сакавіка 11 супрацоўнікаў міліцыі яшчэ раз звярнуліся ў МУС — на гэты раз з просьбай, каб праверку праводзілі работнікі апарата міністэрства, а не прадстаўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Магілёўскай вобласці. Яны атрымалі адказ за подпісам Шуневіча, у якім было сказана: падстаў не давяраць вынікам праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі па Магілёўскай вобласці, няма.

Тым часам, паводле слоў Ігара Вусіка, націск на тых, хто звярнуўся ў МУС, узмацніўся. „Чупрын кажа, што я больш працаваць не буду. Участковых выклікае, кажа, калі яны з ім,  то будуць працаваць,”кажыце, што Вусік вас прымушаў”, — распавёў Вусік. Паводле яго слоў, людзі ўжо пачынаюць пабойвацца — яны разлічвалі на станоўчы эфект ад паўторнага звароту ў МУС.

Ва УУС Магілёўскага аблвыканкама сітуацыю, якая склалася ў Крычаве, БелаПАН каментаваць пакуль не адмовіліся, паабяцаўшы зрабіць гэта пазней.

Звязацца з начальнікам Крычаўскага РАУС Станіславам Чупрыным не ўдаецца — ён не адказвае на тэлефонныя званкі. Яго намеснік Генадзь Андрэйчыкаў паведаміў БелаПАН, што Чупрын у цяпер адпачывае пасля дзяжурства. Сам жа Андрэйчыкаў каментаваць заявы Вусіка адмовіўся.

Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч заявіў: „Сітуацыю мы ведаем. Праводзіцца праверка”.