У менскім аэрапорце з’явіўся бясплатны Wi-Fi на тры гадзіны ў суткі



З 2 траўня для ўсіх пасажыраў і гасцей Нацыянальнага аэрапорта Менск, якія жадаюць скарыстацца інтэрнэтам, стала даступная новая сетка Wi-Fi пад назвай АirportMinsk.

Як паведамляе прэс-служба аэрапорта, бясплатны доступ у інтэрнэт прадастаўляецца з адной прылады на тры гадзіны на працягу сутак. Менавіта столькі часу ў сярэднім праводзіць пасажыр, які адлятае, у аэрапорце з улікам праходжання ўсіх перадпалётных працэдур. Яшчэ менш часу ў аэрапорце па статыстыцы праводзіць пасажыр, які прыбыў.

Зона пакрыцця гэтай сеткі ахоплівае практычна ўсю тэрыторыю аэравакзальнага комплексу аэрапорта.

Для доступу ў інтэрнэт укаранёная сістэма абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, прайсці якую можна з дапамогай СМС-запыту праз сетку любога мабільнага аператара, у тым ліку замежнага пры наяўнасці роўмінгу.

Да гэтага часу наведвальнікам аэрапорта прапаноўвалася толькі 15 бясплатных хвілін у інтэрнэце ад „Белтэлекама”.

Пры гэтым у аэрапорце працягвае функцыянаваць бясплатная бесправадная сетка пад назвай MSQсatering, якая дзейнічае на тэрыторыі бізнес-залаў і VIP-залы.

belapan.by