Беларусь акажа Украіне гуманітарную дапамогу
Беларусь акажа Украіне гуманітарную дапамогу на суму 117 тысяч 866 рублёў (каля 58 тысяч даляраў). Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў Беларусі, паведамляе прэс-служба ўрада.
Пастановай №332 ад 4 мая Саўмін даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну харчовай прамысловасці, Гарадзенскаму аблвыканкаму, СП „Беліта”, СААТ „Парфумерна-касметычная фабрыка „Модум — наша касметыка” і ТАА „Слонімскі кардонна-папяровы завод „Альбярцін” забяспечыць „водпуск і афармленне матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі Украіне”.
МНС пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў даручана забяспечыць дастаўку аўтамабільным транспартам гуманітарнай дапамогі ва Украіну; арганізаваць перадачу гуманітарнай дапамогі місіі Міжнароднага Чырвонага Крыжа ва Украіне для размеркавання сярод пацярпелага насельніцтва краіны.
Мінфіну за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, даручана выдзеліць сродкі для пакрыцця кошту адпушчаных матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі, а таксама пакрыць транспартныя, камандзіровачныя і іншыя выдаткі, звязаныя з дастаўкай гуманітарнай дапамогі.
У дадатку да пастановы пералічваюцца прадукты і тавары, якія будуць адпраўленыя ва Украіну. Сярод іх — мясныя кансервы, цукар, мука, алей, зубная паста, мыла, шампунь, туалетная папера.
26 красавіка на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Ляскавічах (Гомельская вобласць) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае ў зоне канфлікту.
„У найбліжэйшы час пры садзейнічанні Міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае па абодва бакі ад лініі размежавання, — сказаў Лукашэнка. — Падтрымаем самым неабходным — прадуктамі і сродкамі гігіены. Мы будзем працаваць у кантакце, каб знайсці самы кароткі шлях для таго, каб гуманітарная дапамога даходзіла да людзей і па адзін бок, і па другі бок барыкад”.
Ён падкрэсліў, што беларускі бок будзе і надалей рабіць „усё неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, каб брацкія народы жылі ў дружбе і згодзе”. „Па крайняй меры, мне не сорамна глядзець у вочы ні ўкраінскаму народу, ні прэзідэнту Украіны. Усё, пра што прасілі нас ўкраінскія сябры, мы свята выконвалі. Рабілі ўсё, што ў нашых сілах. Надалей будзе так”, — заявіў Лукашэнка.
Паводле БелаПАН