Да Паўла Севярынца, які знаходзіцца на Акрэсціна, не пусцілі адваката



Да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна ў Мінску, не пусцілі адваката. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго маці Таццяна Севярынец.

Паводле яе слоў, на працягу шасці гадзін адвакат чакаў сустрэчы з Севярынцам, каб даведацца пра яго стан, умовы ўтрымання і гэтак далей. Аднак яго так і не пусцілі да палітыка, абумовіўшы адмову нібыта адсутнасцю вольнага памяшкання для сустрэчы, паведаміла маці Севярынца.

Учора таксама не прынялі перадачу для Севярынца ад яго жонкі, таму што яе вага аказалася большай за дазволеную, паведаміла маці арыштаванага. Сёння скарэктаваная па вазе перадача была прынятая.

Згодна са словамі Таццяны Севярынец, прысуд яе сыну будзе аскарджаны.

Як паведамлялася, 2 траўня суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня вынесла Севярынцу прысуд за ўдзел у двух несанкцыянаваных вулічных акцыях — 1 тразня на Кастрычніцкай плошчы і 3 сакавіка ў Курапатах.

Севярынец віны не прызнаў. Паводле яго слоў, сведкі — супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама — давалі ілжывыя паказанні. У прыватнасці два супрацоўнікі АМАП сцвярджалі, што асабіста затрымлівалі Севярынца 1 траўня ў 14.30 на ўваходзе на станцыю метро „Кастрычніцкая”. Аднак, як заявіў палітык, ён быў затрыманы пасля 15.00 на выхадзе са станцыі метро „Пушкінская”.

Падчас пасяджэння Севярынец прапанаваў Шабуні зрабіць „самы годны і маральны ўчынак у сваім жыцці — звольніцца з пасады суддзі, каб не ўдзельнічаць у незаконных працэсах”. Пасля таго як прысуд быў вынесены, асуджаны палітык са шкадаваннем канстатаваў, што суддзя Шабуня не скарысталася гэтым выпадкам.

belapan.by