Эксперт: Перамога Макрона – больш еўрапейская перамога, чым французская



Эмануэль Макрон – прэзідэнт Францыі. Паводле папярэдніх дадзеных, у выніку другога туру галасавання наперадзе праеўрапеец Эмануэль Макрон, які набірае больш за 65% галасоў. Ён перамагае сваю суперніцу — лідарку крайне правай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн.

 Выбары ў Францыі каментуе палітычны аналітык Павел Усаў:

– Выбары ў Францыі адбываліся пры даволі складаных унутраных умовах. Цягам мінулага года адбыўся шэраг тэрарыстычных актаў, якія забралі сотні жыццяў. Усё гэта падмацоўвала антыэмігранцкія і антыеўрапейскія настроі. Безумоўна, таму было даволі шмат страху адносна таго, што Лё Пэн на гэтай хвалі можа перамагчы. Таму перамога Макрона прайшла, па-першае,  у цяжкіх умовах унутры самой краіны, а па-другое, ва ўмовах агульнага еўраскептыцызму: перамогі прыхільнікаў брэксіту ў Вялікабрытаніі, перамогі такога ультракансерватыўнага палітыка як Дональд Трамп, хоць гэта, канешне, умоўнае акрэсленне. Гэта стала больш еўрапейскай перамогай, чым французскай, бо азначае, што працэсы дэканструкцыі Еўрапейскага Звязу на пэўны час могуць быць прыпынены. Бо гэта была асноўная пагроза, звязаная з выбарамі ў Францыі. У выпадку перамогі Лё Пэн, безумоўна, пачаліся б працэсы, звязаныя з дэканструкцыяй ЕЗ, пераглядам умоў. І гэта магло б паставіць вялікі крыж на працэсах інтэграцыі ў Еўропе. У дадзеным выпадку можна спадзявацца, што нейкіх  радыкальных крокаў па пераглядзе дамоўленасцяў ЕЗ не будзе.

РР: Амаль 35 %, якія атрымала Лё Пэн, а таксама вельмі нізкая яўка французаў на выбары, гэта таксама сведчыць пра нейкія еўраскептычныя настроі, якія пануюць у краіне?

Павел Усаў: Еўраскептыцызм менавіта звязаны не з праблемай самой Еўропы, а з праблемай, з якой Еўропа сутыкнулася ў апошнія гады – гэта наплыў эмігранатаў і праблема бяспекі ў самой краіне, з якімі ўрад і адміністрацыя Аланда не справіліся. „Нацыянальны фронт” Лё Пэн атрымаў даволі вялікую падтрымку, улічваючы тое, што цягам апошніх гадоў ён быў дзесьці на ўзбоччы палітычнага жыцця Францыі, і ніхто сёр’ёзна не ставіўся да Лё Пэн. Гэтаму таксама спрыяў і ўплыў Расеі на выбарчы працэс. І апошнія дні мы бачылі прыклады хакерскіх атак на штаб Макрона. То бок, безумоўна, Расея ставіла на Лё Пэн.

РР: Расея незадаволеная перамогай Макрона, а Лукашэнка павіншаваў яго. Гэта проста дыпламатычны жэст ці гэтыя выбары могуць нейкім чынам паўплываць на Беларусь?

Павел Усаў: Палітыка Францыі ў дачыненні да Расеі не зменіцца. І гэта не адпавядае планам Расеі. Што тычыцца Беларусі, то збольшага гэта фармальныя дэкларацыі. І, канешне, не трэба забывацца, што ўпершыню прэзідэнт Францыі Аланд наведаў Менск у 2014 годзе ў межах „Нармандскай чацвёркі”. Гэта быў прэстыжны візіт для ўладаў Беларусі. Таксама трэба адзначыць, што французскія палітычныя эліты абсалютна не цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Яна заўсёды была не ў прыярытэтах геапалітычных інтарэсаў Францыі. Таму ці павіншаваў Лукашэнка ці не, гэта нічога б не змяніла. Ровень адносінаў паміж Беларуссю і Францыяй застанецца такім, якім быў заўсёды.

У другім туры выбараў яўка склала 75% — найніжэйшы паказьнік на прээзідэнцкіх выбарах апошніх дзесяцігоддзяў. 39-гадовы Макрон стаў самым маладым прэзідэнтам Францускай Рэспублікі.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters