Палова расейцаў станоўча ацаніла дзейнасць Сталіна ў гады вайны
Кожны другі расеец (50 адсоткаў) станоўча ацэньвае дзейнасць Іосіфа Сталіна ў якасці кіраўніка Савецкага Саюза ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта сведчаць вынікі апытання Фонду «Грамадская думка» (ФОМ), апублікаваныя на сайце арганізацыі ў панядзелак, 8 траўня.
У 2005 годзе гэтая лічба складала 40 адсоткаў, адзначаецца ў даследаванні.
Траціна рэспандэнтаў (32 адсоткі) ахарактарызавалі ролю Сталіна як «збольшага станоўчую і збольшага адмоўную», восем адсоткаў далі негатыўную ацэнку палітыцы «бацькі народаў», 11 адсоткаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
56 адсоткаў з ліку апытаных лічаць Дзень Перамогі народным святам, 35 - дзяржаўным, шэсць – сямейным. Пераважная большасць рэспандэнтаў (87 %) паведамілі, што ў іх сям’і ёсць тыя, хто ваяваў, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Большасць апытаных (79 адсоткаў) плануюць прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, 18 адсоткаў адмовіліся ад гэтага.
Даследаванне праводзілася 2 траўня. У ім прынялі ўдзел 1,5 тысячы жыхароў з 53 рэгіёнаў краіны.
Фота РИА Новости