Сяргей Пятрухін выйшаў на волю
Вядомы берасцейскі відэаблогер і журналіст Сяргей Пятрухін выйшаў на свабоду. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook адразу пасля выхада з Ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.
Падрабязней аб ураджаннях апавядае сам Сяргей:
– Я правёў час з вялікай карысцю. Я пабываў у самай гушчы народа. І калі раней я ведаў, што ў нашай краіне ўсё дрэнна, то паразмаўляўшы з людзьмі, якія там сядзяць, а гэта розныя людзі: і алкаголікі, і бамжы, і крымінальнікі, то я зразумеў, што ўсё яшчэ горш. Навучыўся гуляць у нарды. Піць чыфір. Чытаць у паўзмроку. Мне дапамагалі. Было шмат перадач. Людзі тэлефанавалі, каб даведацца, калі я выходжу. Ім міліцыянты адказвалі, што 10 траўня. Але мяне ўсё роўна сустрэў мой верны сябра.
Сяргей Пятрухін быў завочна асуджаны за “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” на дзесяць сутак арышту. Тады разам з журналістам Дзмітрыем Гарбуновым ён у жывым эфіры асвятляў акцыі супраць дэкрэта “аб дармаедстве” у Берасці і вобласці. Напярэдадні суда Сяргею ўдалося з’ехаць за мяжу, але па вяртанні яго знялі з цягніка і адправілі адбываць пакаранне.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота facebook.com