Роберт Тышкевіч: Карты паляка чакае больш за 100 тыс. грамадзян Беларусі



Польскі палітык прапануе змены ў правілах выдачы Карты паляка. Дэпутат польскага Сейма Роберт Тышкевіч лічыць, што заявы на атрыманне Карты паляка могуць разглядацца не толькі ў польскіх консульствах у Беларусі, але і ў ваяводскіх управах у самой Польшчы.

Палітык падаў запыт ва ўрад па гэтай справе, паколькі новыя змены ў закон “Аб Карце паляка” дазваляюць гэта зрабіць, але ўрад такую магчымасць не выкарыстаў.

Паводле яго словаў, каля 100 тыс. грамадзян Беларусі чакае разгляду заяваў у консульствах:

– Чаму не было выдадзена распараджэнне Рады міністраў, якое зрабіла б магчымай падачу заяваў на Карту паляка ў выбраных ваяводскіх управах у Польшчы? Падляшскае ваяводства непасрэдна зацікаўлена ў тым, каб госці з Усходу маглі падаваць дакументы на атрыманне карты паляка ў нашай Падляшскай управе, колькасць якіх перавышае сто тысяч асобаў.

“У сувязі з пазіцыяй уладаў Беларусі, няма магчымасці павелічэння колькасці супрацоўнікаў у польскіх консульствах”, – дадае Роберт Тышкевіч.

Таму, на яго думку, разгляд заяваў на атрыманне Карты паляка ў Ваяводскіх управах можа істотна разгрузіць польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя