Аляксандра Сахарука адпусцілі



Суда над Аляксандрам Сахаруком за публічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг не адбылося.

Ветэрана вайны ў Афганістане міліцыянты суткі пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця, а пасля таго, як ўзялі тлумачэнні, адпусцілі:

Я толькі напісаў у гэтым пратаколе, што бел-чырвона-белы сцяг для мяне – гэта сімвал свабоды і вызвалення ад дэкрэтаў №9, №5 і №3. Каб вызвалілі працоўны клас, каб пад бел-чырвона-белым сцягам не было гэтых дэкрэтаў. Чаму я пайшоў на такі крок? У 1996 годзе я галасаваў за адмену гэтага сцяга. І цяпер я той свой подпіс, свой бюлетэнь ануляваў. Я памыляўся, калі за зялёна-чырвоны сцяг ставіў подпіс.

Аляксандра Сахарука спрабавалі звінаваціць у парушэнні “правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў”, пасля таго як ён публічна разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Дзея адбывалася ў час дазволенага мясцовым гарвыканкамам шэсця “Неўміручы полк”, якое праходзіла 9 траўня па дарозе з горада ў крэпасць. “Адзінае, сцяга мне не вярнулі”, – зазначыў ветэран.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара