СМІ: каля дома Шарамета падчас закладкі бомбы знаходзіўся супрацоўнік СБУ



У ноч перад забойствам журналіста Паўла Шарамета 20 ліпеня каля яго дома знаходзіўся чалавек па імені Ігар Усціменка, які быў або з’яўляецца супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны. Пра гэта гаворыцца ў фільме-расследаванні Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) і рэдакцыі расследаванняў «Громадське» «Слідство.Інфо”.

Як высветлілі журналісты, у ноч, калі злачынцы заклалі бомбу пад аўтамабіль Шарамета, недалёка ад яго дома адначасова спыніліся «Шкода» і «Мэрсэдэс»; людзі з абедзвюх машын знаходзіліся там некалькі гадзін, перыядычна кантактуючы адзін з адным, а неўзабаве пасля закладкі бомбы з’ехалі.

Член даследчай каманды Bellingcat апрацаваў відэа з камер відэаназірання і высветліў нумар «Шкоды». Машына была зарэгістраваная на жанчыну па імені Наталля Зарэцкая. Спярша яна адвергла сувязь з аўтамабілем, аднак пазней паведаміла OCCRP, што зарэгістравала машыну на сваё імя па просьбе чалавека па імені Ігар Усціменка.

Усціменка на сустрэчы з журналістамі прызнаў, што быў каля дома Шарамета. Як вынікае з фільма, ён распавёў, што аказваў там «прыватныя паслугі», звязаныя з назіраннем за непаўналетнімі.

Крыніцы ў СБУ паведамілі аўтарам расследавання, што ў 2014 годзе Усціменка быў супрацоўнікам ведамства. Сам ён сувязь з ведамствам не пацвердзіў.

Па дадзеных OCCRP, у следства была інфармацыя аб «Шкодзе», якая прастаяла каля дома Шарамета некалькі гадзін у ноч перад забойствам, аднак паліцыя не дапытала ні Усціменку, ні ўладальніцу машыны.

meduza.io