Лукашэнка ляціць у Кітай
Аляксандр Лукашэнка 13—16 мая ажыццявіць рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, у Пекіне Лукашэнка возьме ўдзел у форуме міжнароднага супрацоўніцтва „Адзін пояс і адзін шлях”, падчас якога „выкладзе прапановы беларускага боку аб паглыбленні і пашырэнні супрацоўніцтва на Еўразійскім кантыненце з акцэнтам на сумесным мірным узаемавыгадным развіцці”.
„Чакаецца, што на палях міжнароднага форуму прэзідэнт Беларусі правядзе шэраг двухбаковых сустрэч і перамоў з замежнымі лідарамі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Запланаваная таксама двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, на якой „плануецца абмеркаваць далейшае практычнае напаўненне новага этапу беларуска-кітайскіх адносін — давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”. Бакі разгледзяць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў розных сферах, рэалізацыю найбольш буйных і знакавых сумесных праектаў.
Міжнародны эканамічны форум „Адзін пояс і адзін шлях”, які адбудзецца ў Пекіне 14—15 мая, будзе прысвечаны праблемам рэгіянальнай інтэграцыі і ўзаемадзеяння краін Азіі. Удзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва 28 дзяржаў.
4 мая на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ Лукашэнка казаў пра візіт у Кітай і сустрэчу з Сі Цзіньпінам. „Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але ў першую чаргу тэмы, важныя для прасоўвання нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах”, — паведаміў Лукашэнка.
Ён дадаў, што арганізаваць такі маштабны саміт няпроста, бо ў ім возьмуць удзел лідары многіх краін. „На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Па сутнасці, сама ініцыятыва „Адзін пояс і адзін шлях” з’яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя пункты росту сусветнай эканомікі”.
Кажучы аб сустрэчы са старшынёй КНР, ён адзначыў: „Калі праводзіш такія мерапрыемствы, заўсёды цяжка, і занятасць вельмі высокая. Але з тых прадстаўнікоў кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбудуць у Кітай, ён будзе сустракацца з прэзідэнтам Беларусі. Гэта сведчыць пра нашы адносіны з вашым старшынёй і адносіны паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай”.
БелаПАН