Валютная выручка Беларусі вырасла амаль на траціну



У студзені-сакавіку валютная выручка Беларусі склала 7,73 млрд даляраў. У параўнанні з першым кварталам 2016 года паказчык павялічыўся на 28,7%.

Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, у сакавіку гэтага года валютная выручка склала 3 006,1 млн даляраў, або на 35,2% больш, чым у сакавіку мінулага года.

Рост валютных паступленняў адбыўся ў выніку павелічэння вартасных аб’ёмаў экспарту тавараў. У студзені-сакавіку валютная выручка Беларусі ад экспарту тавараў склала прыблізна 6 млрд даляраў і ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам вырасла на 31%.

Валютныя паступленні ад экспарту паслуг у першым квартале склаліся на ўзроўні 1,54 млрд даляраў і павялічыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 21,5%.

Вынікі знешняга гандлю разглядаліся ў красавіку на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка. Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын адзначыў, што рост выручкі адбываецца ў выніку павелічэння цэн на калійныя ўгнаенні на сусветным рынку. У той жа час, дадаў ён, адмоўны ўплыў на гандлёвы баланс у першыя месяцы гэтага года рабіў гандаль энерганосьбітамі.

У 2013-2016 гадах у Беларусі назіралася пастаяннае скарачэнне валютнай выручкі. Пасля таго, як у 2012-м валютныя паступлення дасягнулі рэкордных 50,6 млрд даляраў, у 2013 годзе яны знізіліся да 44 млрд даляраў, у 2014-м — да 43,1 млрд даляраў, у 2015-2016 гадах — да 33 і 29 млрд даляраў адпаведна.

„Кожны год прычыны скарачэння выручкі былі розныя, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. — У 2013-м у параўнанні з 2012-м яна прасела, бо знік растваральны бізнес і ўзнік калійны канфлікт. У 2014-м умацаванне беларускага рубля да расейскага прывяло да аслаблення пазіцый нашых экспарцёраў. у 2015-м знізіліся сусветныя цэны на нафту і нафтапрадукты, у 2016-м Расея скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну”.

Урад разлічвае на павелічэнне аб’ёму валютнай выручкі сёлета. Афіцыйны прагноз прадугледжвае рост экспарту тавараў і паслуг паводле вынікаў 2017 года на 3,8%. Згодна з пастановай Саўміна № 138, прынятай у лютым, урад плануе, што продаж беларускіх тавараў і паслуг у Азербайджан сёлета вырасце на 20%, у Кітай — на 15%, у Нідэрланды — на 10%, у Расею — на 5%.

БелаПАН