Лукашэнка: Раней за дзявятую гадзіну ўрокі пачынаць не трэба



Аляксандр Лукашэнка зноў даручыў перагледзець час пачатку школьных заняткаў. „Трэба нам мяняць графік працы школ. Раней за дзявятую гадзіну ўрокі пачынаць не трэба”, — заявіў кіраўнік дзяржавы, прымаючы 12 траўня кадравыя рашэнні.

Ён адзначыў, што некаторыя бацькі выступаюць супраць такога рашэння, але ў першую чаргу неабходна думаць пра здароўе дзяцей, пра тое, як яны засвойваюць у школе матэрыял. „Таму нам трэба ў гэтым плане мяняць сітуацыю, асабліва ў вёсцы. Нават на аўтобусе пяць-сем кіламетраў вязуць дзетак. Ім жа трэба а шостай гадзіне прачынацца — гэта хіба нармальна? Дарослы чалавек у шэсць гадзін не можа прачнуцца”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

„Таму па адукацыі ў нас павінны быць сур’ёзныя зрухі. І да ўступных экзаменаў мы таксама нейкія змены ўнеслі, але трэба больш істотна да гэтага падыходзіць”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гэта ўжо не першая заява Лукашэнкі аб неабходнасці пераносу пачатку заняткаў у школах на больш позні час. Выступаючы 21 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту, ён, у прыватнасці, сказаў: „А дзявятай гадзіне трэба пачынаць вучобу ў школе i не глядзець на тое, што бацькам складана ў школу адправіць дзіця, таму што яны раней ідуць на працу. Бязладдзе ў школе ў элементарных рэчах. <…> У школе нельга з дзяцей здзекавацца. Мы ж інвалідаў рыхтуем”.

belapan.by