Рассельгаснагляд зноў выстаўляе прэтэнзіі Беларусі



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) зноў выстаўляе прэтэнзіі да якасці беларускай малочнай прадукцыі, а таксама паведамляе „аб новых схемах махлярства пры пастаўках малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь”.

 

Прэс-рэліз за подпісам памочніка кіраўніка ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях Святланы Земчанкавай расійскае ведамства распаўсюдзіла вечарам 14 мая, напярэдадні рабочай сустрэчы намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандра Субоціна і яго расійскага калегі Яўгена Непаклонава. Заўтра ў Маскве намеснікі міністраў плануюць падвесці вынікі інспектавання Рассельгаснаглядам беларускіх прадпрыемстваў, якое праходзіла з 1 па 12 траўня.

У рэлізе расійскага нагляднага ведамства паведамляецца, што з 25 красавіка па 12 мая былі даследаваны 83 пробы сухога малака з Беларусі. У 29 узорах „выяўлена рэшткавае ўтрыманне ветэрынарных прэпаратаў груп хіналонаў, макралідаў і лінказамідаў”. „Асаблівую трывогу выклікае факт наяўнасці ў большасці ўзораў адначасова дзвюх і больш груп прэпаратаў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Называецца, у прыватнасці, прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як „Малочная кампанія „Навагрудскія дары”, „Слуцкі сыраробны камбінат”, „Кобрынскі масласырзавод”, „Пружанскі малочны камбінат”, „Малочны полюс”, „Бабулін гладыш”, „Мазырскія малочныя прадукты”, „Баранавіцкі малочны камбінат”, „Лепельскі малочнакансервавы камбінат”.

„Негатыўная статыстыка выяўлення рэшткавага ўтрымання ветэрынарных прэпаратаў у малочнай прадукцыі, якая паступае з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю, патрабуе прыняцця аператыўных мер, — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства. — Упраўленне Рассельгаснагляду мяркуе, што наяўная сітуацыя ўказвае на недастатковы кантроль за сыравінай, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь ва ўмовах актыўнага выкарыстання ветэрынарных прэпаратаў для лячэння жывёл у сыравінных зонах”.

Рассельгаснагляд таксама інфармуе аб выяўленых у перыяд з 1 па 3 мая фактах перавышэння дапушчальнага ўзроўню натаміцына (супрацьгрыбковага прэпарата) у сырах вытворчасці ААТ „Маладзечанскі малочны камбінат” і „Пружанскі малочны камбінат”.

Акрамя гэтага, паведамляецца „аб новых схемах махлярства” пры пастаўках малочнай прадукцыі з Беларусі.

„12 мая 2017 года ў ходзе надгляду 20 тон сухой малочнай прадукцыі, выпрацаванай вытворчым унітарным прадпрыемствам „Малочны полюс”, упраўленнем Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях ўстаноўлена яе перамаркіроўка, — гаворыцца ў рэлізе. — У прыватнасці, на крафт-мяшкі, якія маюць лагатып прадпрыемства ААТ „Бабулін гладыш”, нанесеная маркіровачная этыкетка з указаннем ў якасці вытворцы прадукцыі вытворчага ўнітарнага прадпрыемства „Малочны полюс”, Рэспубліка Беларусь. Адначасова на крафт-мяшках бачныя зрывы першасных этыкетак”.

„Гэтыя акалічнасці, — адзначае Рассельгаснагляд, — сведчаць аб тым, што вытворцам увазнога сухога малака з’яўляецца ААТ „Бабулін гладыш”, у дачыненні да якога ўведзены часовыя абмежаванні на пастаўкі сухога малака ў Расійскую Федэрацыю. Нягледзячы на відавочна ашуканскія дзеянні адпраўніка, груз суправаджаўся ветэрынарным сертыфікатам формы № 4 № 06-16005010, выдадзеным Дзяржаўнай ветэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь 11.05.2017″.

Паведамляецца, што цяпер у расійскім пункце папярэдняга паведамлення (ППП) „Чырвоны Камень” па аналагічных абставінах затрымана яшчэ тры партыі сухога малака з Беларусі агульнай вагой больш за 60 тон. Усе грузы суправаджаліся ветэрынарнымі сертыфікатамі, якія гарантуюць бяспеку паставак.

БелаПАН