У Полаўцах мытнікі затрымалі рэкордную кантрабанду



14 тысяч пачак беларускіх цыгарэт знайшлі супрацоўнікі Мытна-падатковай службы на памежным пераходзе ў Полаўцах. Кантрабанда на суму звыш 180 тысяч злотых была схавана ў беларускім мікрааўтобусе. Дарэчы, гэта самая буйная тытунёвая кантрабанда ў гісторыі памежнага пераходу ў Полаўцах.

Мытнікі падрабязна агледзелі транспартны сродак, якім кіраваў 21-гадовы грамадзянін Беларусі. Падчас праверкі мікрааўтобуса высветлілася, што ў ім схаваныя нелегальныя цыгарэты. У пераробленай падлозе, дзвярах і бакавых сценках транспартнага сродку мытнікі знайшлі агулам 14 тысяч пачак цыгарэт з беларускімі акцызнымі знакамі.

У дачыненні да кіроўцы распачата крымінальная справа, нелегальны тавар і мікрааўтобус, перароблены для перавозкі кантрабанды, былі канфіскаваныя. Акрамя штрафу, які пагражае кантрабандысту, беларускаму кіроўцу забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага звяза на тры гады.

Паводле podlaskie.kas.gov.pl