У Менску абмяркоўвалі праблему працаўладкавання людзей з інваліднасцю
Прадстаўнікі некамерцыйнага сектара, бізнес-структур і дзяржаўных органаў сёння ў Менску абмяркоўвалі праблему працаўладкавання людзей з інваліднасцю.
Пад час круглага стала «Працаўладкаванне без межаў» удзельнікі шукалі адказы, якім чынам дзяржава можа зрабіць сацыяльнае прадпрымальніцтва больш прывабным для бізнесу, а тым самым паўплываць на ўзнікненне новых працоўных месцаў менавіта для людзей з інваліднасцю.
На думку мадэратара мерапрыемства, прадстаўніка некамерцыйнай арганізацыі “АДБ Брусэль” Максіма Падбярозкіна, асноўная мэта дыскусіі была дасягнутая.
— Людзі пачалі бачыць гэтую праблему больш шырока чым бачылі дагэтуль. Напрыклад некамерцыйныя арганізацыі бачылі гэтую праблему толькі з сацыяльнага гледзішча, а цяпер яны ўбачылі, што ёсць яшчэ і эканамічны пункт гледжання, што ёсць новы эканамічны інструмент па вырашэнні гэтай праблемы. У нас на ўзроўні закона няма пакуль сацыяльнага прадпрымальніцтва, а дзяржаўныя ўстановы і дзяржаўныя прадстаўнікі пра ўсё мяркуюць з гледзішча закона, то яны ўбачылі новыя перспектывы: што сацыяльнае прадпрымальніцтва таксама можа быць у нас у легальнай сферы.
Круглы стол па тэме працаўладкавання людзей з інваліднасцю праходзіў у межах тыдня даступнасці, арганізаванага Офісам па правах людзей з інваліднасцю. Падчас тыдня ў розных гарадах Беларусі запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку інтэграцыйны форум у Віцебску і Жывая бібліятэка ў Берасці.
Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novychas.by